Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня ведаю.

— Вось яны!

Рыгор паказаў пальцамі у бок Памыйкі і Сімена, якія пры месьце іх чакалі.

— Ласьне?

Рудольф покатам зарагатаў.

— Малайцы.

— А я ўсё-ж іх не пахвалю.

— Нічога дрэннага. Хлопцаў можна павіншаваць.

Падышлі да мосту.

Ад рэчкі нясло вільгацьцю. Асеўшы пыл ня труіў паветра. У яго нярухомасьці мігалі тысячы мошак. Густы водыр жытняга красаваньня калыхаўся над руньню зялёнае травы.

Рудольф прывітаўся з Памыйкам, як са знаёмым. З Лібаю ды з Сіменам яго Рытор пазнаёміў.

Пяршыня знаёмства не адбілася на цяплыні таварыскага збліжэньня, не перашкодзіла яно і іх ажыўленай гутарцы.

Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэволюцыйнага жыцьця Пецярбургу. Яго ўважна слухалі, распытвалі, цікавіліся дробязямі больш важнейшых мясцоў з апавяданьня.

Незаўважна для сябе яны прагулялі каля дзьвёх гадзін і калі вярнуліся к мосту, было ўжо цёмна. Местачковае жыцьцё глухла ў сьценах хлявоў за сенешнімі ды хатнімі дзьвярмі. Толькі з рынку даходзіў нечы крык. Гэтаму крыку ўторыў жабін хор у паплавох і перакрыкі перапёлкі ў жыце.

У Шульцавай хаце сьвяціўся агонь, а ў майстэрні дымела з коміна.

— Няўжо мой бацька ўсё яшчэ працуе? — падзівіўся Рудольф.

— А ён ў вас руплівы, — адказаў Сімен.

Рудольф ня спыніўся каля дому, а пайшоў з усімі далей.

— Цікава, як пойдуць здарэньні ў міжнародных адносінах, — мяняючы папярэднія тэмы, праказаў Рудольф.

Гэта кампанію настаражыла.

Рыгор з цікавасьцю запытаў:

— Чаму? Вы сапраўды думаеце, што можа кончыцца вайною?

— Усё ідзе да таго.