Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта за тое, што вы з мяне пацьвільваецеся, — пажартавала Ліба.

Каля мосту яны перайшлі да пытаньняў грамадзкага характару, якія незаўважна для іх пераключыліся ў культурныя. Абгавору падпалі зачыненая бібліотэка і забароненыя спэктаклі.

Учарашні сход паглядаў на кожнага з іх чорнаю сьцяною аддаленага лесу… Жаўранка, абапал яе зялёныя поплавы, далей панскі маёнтак, жытняе поле ўбіралі яго хараством квітнеючай вясны.

— А ведаеце, дажджу ня будзе, — раптам абарвала Ліба ажыўленыя спрэчкі пра наведваўшую Смагін трупу.

Усе пагляделі на поўдзень. Сапраўды — хмары ня зьніжаліся, а хутка радзелі і ўздымаліся ўгору. Гнедае прасьцірадла іх раптам адкалолася ад чорнае кажуры і выпусьціла наповерх сонца.

— Можа зайці па Рудольфа? — запытаў Рыгор.

— А ці варта? — усумніўся Памыйка.

Рыгор не паслухаў і павярнуў да Шульцавай хаты.

— Вы не адыходзьце далёка, я зараз, — папярэдзіў ён.

І не пасьпеў падыйсьці да дваровай брамы, як Рудольф выйшаў з хаты.

— Я угледзіў вас праз вакно… У поле?

— Надумалі. Вясна цягне…

— Я са здавальненьнем. У Пецярбурзе гэтага не атрымаеш…

Рыгор уважліва паглядзеў на Рудольфа. Сын гаспадара лашчыў мяккасьцю сваіх вачэй і ласкавасьцю свайго голасу. Калі бацька яшчэ ва многіх рысах свайго я хаваў дасканалую нямецкую сухасьць, зьмешаную з сур’ёзнаю дзелавітасьцю ды пэдантызмам, дык Рудольф далёка адышоў ад гэтага. На ім ужо выразна адбіліся краёвыя ўмовы з выразнай рахманасьцю ды спакоем натуры. У гэтай рахманасьці танулі задзёр і фанабэрыя студэнта, гонар і самаўцеха прадпрыемцавага сына. Рыгор адмеціў гэта ўжо пры першым спатканьні з Рудольфам. Зараз ён яшчэ больш праканаўся ў сваіх заключэньнях.

Рудольфава выступленьне на сходзе і яго гутарка з Памыйкам па дарозе з лесу абудзілі ў Рыгору поўнае к яму давер’е.

— Вы пра ўчарашняе чулі? — запытаў ён Рудольфа.

— Гэта пра гісторыю з станавым? — засьмяяўся Рудольф.

— Але.

— Так, хтосьці выдумаў спрытна.

— Думаеце хто?