Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На рынку, што знаходзіўся наўскасяк, між школьшча шоргалі жалезныя акяніцы крам. У ваколіцах, напрамак да могілак, рагаталі коні, адтуль-жа далятаў заліхвацкі губны сьвіст.

Сьвіст не канчаўся, пакуль яны ня выйшлі на школішча.

У школе паступова гасла сьвятло… Апошні яго прамень пасьпеў перад іх вачыма асьвяціць кавалак вуліцы каля рагавога дому, за якім яна загінала да могілак. Яны зацішылі хаду, каб абысьці роў, і моўчкі мінулі першых дзьве хаты. За імі ўкрадліва нясьліся зацішаныя водгукі чужое гутаркі. Але, апроч таго, вакол ўсё маўчала.

Рыгор вярнуўся ў думках да лістоў, і яму захацелася паведаміць Лібе некаторыя вычытаныя ў іх навіны.

— Так, у мяне сёньня багата навін, — выказаў ён і на гэтым абарваў гутарку.

Ліба тузнула яго за рукаў і шапнула на вуха перасьцярогу. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх.

— Дзе-ж та Павал дзеўся? — запытала Ліба, забыўшы, пэўна, што сама супыніла Рыгора.

— Можа ён пойдзе адзін?.. — адказаў Рыгор зусім не зазлаваўшы за гэта на Лібу.

Іх нагнала двое мужчын. У цемні ночы нельга было разгледзець, хто яны; ды ні Рыгор, ні Ліба не стараліся на іх углядацца.

Мужчыны абыйшлі іх і мо’ праз хату далей пачалі прарваную гутарку.

— А вось глядзі, мо’ то і ёсьць Павал з кім-кольвечы другім? — дагадліва запытаў Рыгор.

— Мне паказалася, нібы Сролева хада, — з свайго боку ўсумнілася Ліба.

Іх сумненьне паглыбілася, калі яны ўскорылі хаду і ўгледзелі, што мужчыны непадалёк ад могілак з правага боку вуліцы перайшлі на левы.

Яны падышлі да курганца на рагу агароджы і прыгледзеліся наперадзе сябе.

— Няма нікога?! — няўверана праказала Ліба.

Рыгор не пасьпеў адказаць, як збоку іх, пры паркане, пачуўся ціхі сыгнальны кашаль.

— Во дзе! — адазваўся Рыгор.