Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Еду… разам з Якавам Рундуком… Ён пайшоў за могілкі, усьлед балаголу, а я вось забег па цябе. Правядзеш?

— А Павал дзе?

— Павінен зараз тут быць… Пачакай квадранец, а я забягу яшчэ на хвіліну да Сімена Галаса…

— І я пайду з імі… Іх трэба вывесьці абочнымі сьцежкамі.

— Абавязкова… Але ці ня будзе за многа ў чацьвярых?

— Мы разаб’емся па дваіх…

Сроль памкнуўся выйсьці, ды Рыгор яго прытрымаў:

— На хвілінку… Ведаеш, браток, у мяне за сёньнешні дзень усе карты пераблыталіся…

— Чаму? — зьдзівіўся Сроль.

— Прыдзецца ісьці тваёю-ж дарогай… Пятрусь заве ў Пецярбург… Знайшоў нават мне месца… І наогул, — сёнешні дзень для мяне, браце мой, нешта надзвычайнае… Тры лісты і трыста навін… Кланяецца табе Сёмка і яго жонка — Волька… Чуў?.. Уклон і ад Гэлі… Ну, але не затрымоўваю… Бяжы да Галаса… Да нас не вяртайся, мы зараз ідом…

Сроль порстка выбег з карчмы.

Праз пару хвілін выйшлі на вуліцу Рыгор з Лібаю.

Цёмнае зорнае неба нізка-нізка апускалася над смагінскімі будынкамі. Местачковае жыцьцё замірала.

— Сролю спрыяюць абставіны, — цішком перадаў ён Лібе.

— Цемра абманчыва! — адказала тая.

— Вы правы. Можа па Сролевых сьлядох крадзецца не адзін поліцэйскі сабака.

Ліба міжвольна абярнулася назад і па бакох, правяраючы таемнасьць свае чыннасьці.

— Пойдзем па задвор’ю — запрапанавала.

Хутка яны схаваліся за дворнаю брамаю і прайшлі на гарод. У стадоле забрахаў сабака.

— Вы асьцярожна, а то можна наткнуцца на калы…

— Пройдам гарод і выйдзем на сьцежку, а там на школішча і праз Адрэзкі да могілак, — расказала Ліба і першаю апынулася за пералазам.

Хвілін праз пяць яны ўжо ішлі няроўнаю грудастаю сьцяжынкаю толькі-што засеенага гароду.

Рэдкія гумны цямнелі чорнымі камякамі між нізкіх платоў. За гародамі, управа і наперадзе, адкуль глядзела пяць вялікіх залітых сьвятлом вокан школы, даносіліся сьмех, выгукі і тупат.