Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Твой-та ліст, Рыгор, уваскрасіў мяне, дальбог-жа, сынку мой мілы. Паверыш — ляжала як забітая, а адкуль узяліся сілы — паднялася і насустрач паштальёну. Зусім не спадзявалася, што ад цябе… Жарты — і столькі часу — няведама і нязнана, жарты-і!

«Пазвала Сёмку і, моцна плачучы з радасьці, праслухала некалькі разоў. Паляцела-бы да цябе, Рыгорка… Паняслася-бы ветрам, сынку. Даруй, што доўга ня пісала… Сёмка езьдзіў у дарогу. Волька занятая, да Зосі ісьці — ня зручна. Заблыталася — а час прамінуў… І толькі цяпер, вось, калі Сёмка вярнуўся, сабралася напісаць… Два вечары засаб пісалі…

«Што-ж табе сказаць пра маё жыцьцё? Цяжка жыву, дарагі сынок. Прыехаў-бы — паглядзеў. Але, ці можна табе наведаць мяне? Так — тыдзень дастала твае грошы. Дзякую, сынок. Аднаго не хапае — ня разам… Каб гэта, ды як у іншых людзей… Сёмка заўжды пры бацькох, Саўка… Другім іначай, а табе іначай… Зразумела, ня наша воля ды сіла ня наша, каб перайначыць… Мабыць, ужо нам суджана ня ўгледзецца больш. Усё-ж, калі будзе як, — не забывай… Ты ведаеш, што я адна… У мяне ты — любы Рыгорка, і больш нікога, суздром нікога… Не магу пісаць — сьлёзы заліваюць паперу… А цяпер яшчэ дапішу навіны… Слухай, сынку, мо’ не пазьней, як тыдзень таму, я гэтак прыўстала сяк-так з полу, зазірнула ў акно, а ў двор завярнула нейкая дзяўчына… Хто-б яна — думаю і чакаю. Бачу — ідзе ў хату. «Дзеньдобры» — «дзеньдобры». «Ці тут хата Рыгора Нязвычнага»? — пытае. Тут, — кажу… — Далей разгаварыліся. Сама з Рыгі, завецца — Ганна. Была ў сваіх раднякоў каля Ліцку і знарок заехала да мяне. Расказвала пра цябе… Цікавілася, дзе ты зараз… Пытала адрасу, але, прызнацца, я пабаялася даць… Яна думала, што ты ў Пецярбурзе, і хацела, пэўна, бачыцца з табою, бо прызналася, што хутка мае ехаць туды сама. Яе хтосьці — ня прыпомню, сынок, усяго, — запрасіў да сябе. А можа і не… Забыла ўжо… Яна пахавала надоечы сваю маці, згубіла службу і едзе ў сьвет… І ведаеш, сынку, — на адыходзе дае мне пяць рублёў… Не хацела я, аднеквалася — з якое-такое ласкі — а сілаю ўсучыла… Мусіла ўзяць… Ці паверыш? Якое было шчасьце! Без капейкі ляжала… І зьнянацку… Папрашу цябе, Рыгорка, калі часамі напаткаеш яе, перапрасі і падзякуй ад мяне старой. Дай ёй, доля, чаго яна сама хоча… Узяла ад бацькоў Пятрусёў адрас…

«Ну, а вось, слухай далей — толькі ўчора Пятрусь надаслаў чаргавы ліст да бацькоў і піша ў ім, каб ты неадкладна ехаў