Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/504

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мятацца, ня то немцы выкарыстаюць момант і сядуць на нашых плячох…

— Магчыма хлеба чорнага прынясуць, а то Мілюкову гэта не абыходзіць, — пачулася ззаду іх…

Па вагоне пранёсься галосны адабрыцельны гоман.

Яго водгук разьліўся па Ліцейным проспэкце, па якім уверанымі крокамі пайшлі Рыгор з Анікеем, сьмяючыся з Камара.


VIII

— ТЫ ПОЗНА ўчора вярнуўся?

— А другой уначы…

— Я так трывожылася… Страляніна, якаясьці заварожаная ціша… Ці праўда, ці не, казалі гаспадары, нібы паўлаўцы адказаліся страляць і іх заперлі ў сутарэньне?..

У кватэры, іначай ад заўсёднага, чулася тупатня і ажыўленая гутарка.

— Ты пойдзеш на службу, Ліба?

— Мушу…

— Ці варта?

— Ды ўсёроўна… Калі што-якое, магу кінуць…

— А я-б думаў, няхай-бы лепш заставалася дома…

— Чаму?

Ліба ўсумнілася і перастала зьбірацца.

— У кожным выпадку… воля твая…

— А ты Рыгор?

— У нас забастоўка цягнецца… І не Мілюкову яе супыніць!.. нядаўная нарада прадстаўнікоў ад заводаў… Здарэньні разгортваюцца нечаканым тэмпам… Лунаюць чырвоныя зарніцы…

Рыгор зьзяў ад радаснага, усхаляванага пачуцьця, сеючы па пакоі замілаваныя ўзрокі гаручых вачэй… Адрыўныя, распарушаныя сказы закругляліся раптоўнымі напевамі мэлёдый рэволюцыйных песень…

— Ну, добра… Ты ідзі ў лазарэт, а я адпраўлюся ў горад… Дзе рэвольвэр?

— Навошта ён табе?..

Ліба стала паміж ім і сталом.