Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/470

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сьледам — ціша.

Чуваць, як з Неўкі даносяцца гукі каталёў ды зьнекуль далей — цяжкі грукат трамвайных калёс.

За брамаю гукаюць дзеці.

— Што-а-а?! А-о-а-і-й?

— Адказ адміністрацыі пасьля абеду?

Як па дроце, палкія словы коцяцца над грамадаю ўзрушаных рабочых.

І яшчэ не дайшла вестка да задніх, як пярэднія стройным напорам ачуліся на вуліцы.

Ланцуг поліцэйскіх коньнікаў выраўняўся струною.

Перш зрэдку, нясьмела, а што далей — выразьней ды часьцей панесьліся да іх вострыя кпіны, лаянкі, просьвісты.

Поліцэйскія падаліся на сярэдзіну вуліцы і звузілі ў стужку шырокі струмень рабочых.

Конскія мызы працягнуліся над галовамі тых, хто ішоў крайнім.

Злосныя, драпежныя ўзрокі поліцэйскіх перапляліся з узрокамі рабочых, поўнымі зьнянавісьці ды абурэньня.

Сталёвая напружанасьць між варожымі станамі раптам выціснула трывожны сьвісток поліцэйскага прыстава.

І з сьвістка, як з чароўнай рэчы, выляцелі чорныя, павісшыя ў паветры дугі нагаек.

Ужо крайняя матнулася над конскай галавою і строма апала на шэрую жукетку.

Чырвоны кавалак цэглы апісаў расьцягнутую траекторыю і паставіў на дыбы поліцэйскага каня, скраўшы ўдар нагайкі…

Сьледам усе замітусіліся, зьмяшаліся ў адну кучу…

Прыціснуты коньнікам да дзьвярэй дому, Рыгор глядзеў у шырокія грудзі чорнага, абшумленага каня. Вострая падкова яго пярэдняй нагі моцна дзважыла аб каменную плітку тротуару. Збоку нейкі ляск аб таркованую сьцену ўторыў конскаму дзвэнгу.

Калі ў адзін міг коньнік павярнуў каня так, што ён стаў бокам да дзьвярэй, Рыгор раптам угледзеў перад сабою знаёмы твар.

Яго характарных, памятных рысаў не скрадалі сабою ні поліцэйская форма, ні коньніцкая выпраўка.