Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/464

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VIII

ДА СЯРЭДЗІНЫ МАЯ Рыгорава жыцьцё кацілася новай каляінай. Яны з Лібаю сталі жыхарамі Васільлёўскага востраву, увайшоўшы ў складаны мэханізм грамадзкага жыцьця сталіцы. Паступова згладзіліся тыя вострасьці пецярбурскага выгляду, якія ўкраліся ў іх першае ўражаньне. Надынамічанае жыцьцё не давала магчымасьці спыняцца на дробязях яго гаспадарчага дабрабыту. Абшарпаныя будынкі ды паломаны брук, хоць і казалі за многае, тым ня меней не на гэта ўстрамляліся іхнія ўзрокі. Сталіца гудзела нездаваленьнем, якое нараджалі зацяжная вайна і зьвязаныя з гэтым дарагоўля ды адсутнасьць харчу. Бязьлікія чаргі пераходзілі ў мітынговыя зборышчы. Доўгія ланцугі жанчын дзень-ата-дня выносілі на вуліцу пераказаныя па кватэрах думкі. З гэтых думак паўставалі гутаркі, якія існуючаму ладу ня сулілі нічога добрага. Водгалас гэтых думак і гутарак насіўся чырвонымі зарніцамі па рабочых ускраінах Пецярбургу, уліваўся ў заводы, дзе гартаваў нездавольства, перакідаўся на фронт. Ужо ня было сілы ўціснуць жыцьцё ў рамкі, з якіх яго вывела вайна. Заставаліся часовыя рады заспакаеньня, штучнае адцягваньне думак і ўзрокаў на рэчы ды здарэньні, ад якіх мала рабілася лягчэй, самаабманныя намеры і сьляпая, драпежная ўпартасьць ня ўступаць вымаганьням закону жыцьця. Апошняя асаблівасьць, моцна прасякшы расійскую сапраўднасьць, пераварочвалася ў едкую гіронію беспагаднага лёсу.

Калясьніца гісторыі імчалася да рубікону з нястрыманаю сілай.

Грукат яе калёс стукаўся ў сьцены палацаў. Яго не маглі заглушыць ні патрыотычныя маніфэстацыі, ні «благароднае негадаваньне» кадэтаў, ні жалезны бразг шпор. Наадварот, гэта зьлівалася ў мінорную музыку пахавальнага маршу, з якім гісторыя ўзыходзіла на новыя ўступы.

Трэба было мець клясавую чуласьць пролетара, каб выяўляць усю веліч гэтае музыкі. Рыгор хадзіў на завод, як на канцэрт, каторы разыгрываў нячуваную прэлюдыю да нячуванай-жа па сіле ўздіму і бляску ўрачыстасьці сымфоніі.

Рабочыя — то музыканты. У іх руках, напружаных не аднэй пакорай працы, а і ўверанасьцю ў перамогу, зусім інакш хадзілі