Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/462

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дарогу, няведаную, бязмэтную, халодную і халерную… Сагналі з месца народ, як чараду вераб’ёў, і пусьцілі ў сьвет…

— Так… Усё да аднаго…

Анікей паглядзеў на гадзіньнік Мікалаеўскага вакзала.

— Стрэлка няспынна вядзе да зручнага часу… Вядзе рашуча ды няўмольна…

Ён крута павярнуўся да Рыгора.

— Шаснаццаты год — не чатырнаццаты.

— Зараз настрой другі… Я ня думаю, каб ты не адчуваў таго… Пэўна, не забыў нядаўняга паседжаныня Думы? Мы, рабочыя, прымусім гэты агрызак з царскага стала яшчэ ня так заварушыцца… Страсянуцца сьцены не аднаго Таўрыцкага палацу… Тут ужо не залатаеш ні хаўрусьніцкаю згодаю, ні ваенна-прамысловымі комітэтамі… Вось пазнаеш, калі захочаш вярнуцца на завод…

Слухаючы Анікея, Рыгор ня мог стрымацца ад ахапіўшага яго ўздымнага настрою. Абмыты натхнёнай ухмылкаю, яго твар распаляў празрысты ўзрок у наступнае.

Анікей сачыў за таварышавай парыўчатасьцю і бачыў, як Рыгор быў недалёка ад таго, каб сарвацца з месца і паляцець…

— Вярнуся на завод!

Гэта было сказана, як выбіта молатам — вярнуць удару нельга.

— Твая справа — выбірай: я магу цябе ўстроць у саюз гарадоў таксама. Да рэчы, а як у цябе з дакумантам?

— Паперы добрыя, у парадку, сыйдзе, але надаела чыноўніцтва! Хоць і мала меў да яго дачыненьня, аднак — прэч! Пайду на завод…

— Можна да Гальске, можна і да Артура Копеля… Ды, прызнацца, усюды месца знойдзецца, — паведаміў Анікей.

— А па-твойму?

— Я раджу да Гальске… Там, разумееш, надзвычай спрыяючыя для цябе абставіны. Прызнацца, і я зараз адтуль… Хоць заўтра на працу… У тым раёне і кватэру шукацьмеш…

— Дзякую, браце, за дбаньне…

Рыгор у момант зьвязаўся думкамі з заводам. Бязумоўнасьцю рашэньня навейвала яму пачуцьцё здаволеньня.

— Ну, а ты, брат, дзе працуеш? — запытаў ён Анікея.