Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/455

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І на пэрон яны выйшлі амаль ня першымі.

— Дзякую вам, Павал, што вы пасобілі нам з ад’ездам… Чакаю вас у Пецярбурзе, — праказала Ліба, толькі цягнік спыніўся пры вакзале.

— І вы едзеце? — пераняў яе танклявы, з худым аголеным тварам вайсковы.

Ліба адвярнулася ад Памыйкі і ў гэты-ж момант згубіла яго ў хлынуўшым натоўпе пасажыраў.

Ужо стоячы пры акне вагона яна заўважыла мігнуўшы ківок Паўлавай рукі, але сказаць нічога не магла.

Сыгнал да адходу пераняў яе намер гукнуць разьвітаньне.

І гэта акалічнасьць замуліла ў Лібіным нутры. Яна вылаялася пра сябе на знаёмага вайскоўца, які адцягнуў яе ад Памыйкі, і паскардзілася Рыгору.

— Хутка справу паправім! — Павал скора маецца быць у Пецярбурзе, — разуважыў той.

Але Ліба ўляглася спаць нездаволенай.

Яшчэ нават назаўтра яна ўспомніла гэта.

І толькі тады, калі за вокнамі вагона задыміліся пецярбурскія фабрыкі, учарашняе было забыта.

Яскравы дзень квітучага мая глушыў надзеннае пачуцьцё, акрыляючы Лібіны надзеі. Выглядала парадоксам, калі прысталічная зелень казытала яе цягу да прыроды.

Польныя прасторы Меншчыны, якіх не магло абмерыць вока, зазелянелі бяз Лібінай увагі, а вузкая паласа прыгародных хуцястых лугоў цягнула яе да сябе.

Рыгор паказаў Лібе на гэту дзіўную раздвойнасьць, аднак яна не пакідала быць складаным яе ўзбуджаных адчуваньняў.

Захопленая гэтымі адчуваньнямі, Ліба вярнулася да сапраўднасьці, калі яны выйшлі з вагона пад шкляны насоў вакзала.

— Ты праходзь у залю, а я пайду за багажом.

Ліба хацела пярэчыць Рыгору, але яе пераняло расьцяжнае:

— А-а-а! На-рэшце-э!

З-за чыгуннае кованае падпоры глядзеў да іх разьвяселены Анікей Кузін. Каля яго стаяла яшчэ двое чалавек, якіх Рыгор ня ведаў.