Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/453

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пад гэты напеў Сёмкавы ногі лёгка пераступалі парог з Рыгоравага пакою.

— Кланяйцеся Вольцы і не пакідайце лячыць. Яна павінна жыць і для вас і для дзяцей!

Падзякаю Лібе была лагодная ўхмылка Сёмкі, кінутая ім з-за дзьвярэй у пакой, дзе на срэбным сьвятле выдзяляліся цёмныя сылуэты Рыгора з Лібаю.


VI

ЛАМАВАЯ ПАДВОДА чакала апошняга куфэрка. Падводу сьцерагла Ліба, а Памыйка пабег за рамізьнікам. Бадай адначасова высунулася з-за рогу вуліцы конская галава, а з дзьвярэй дому — сьпіна ламавіка.

Прайшло зусім нямнога часу, пакуль Ліба з Памыйкам паперадзе, а Рыгор з ламавіком пазадзе кранулі да вакзалу.

Цёплы адвячорак кішэў натоўпам людзей. Як знарок, дзесьці ў баку Ляхаўкі грымеў вайсковы оркестр. Зусім незалежна ад гэтага ў рагавым доме трумкала рояль мэфістофэлеўскую сэрэнаду.

На завароце конь чуць не наскочыў на кучку дзяцей, якія зацягла гулялі ў вайну. Пачуўся палахлівы дзіцячы енк, а сьледам старая яўрэйка з крамы пасылала да рамізьніка гучныя праклёны.

Зьвязаная рукамі, як ланцугом, маладая пара перагарадзіла тротуар, заліваючыся рогатам.

Пажылы чыноўнік зрабіў заўвагу, але абышоў пару брукам.

На скрыжаваньні Захараўскай з Багадзельнаю бліснуў ліхтар над пад’ездам готэлю «Гарні». Толькі што пад’ехаўшы аўтомобіль лапатаў утому.

Хіхікала наўзьдзіў вострым голасам жанчына, якую офіцэр прапускаў наперад сябе ў готэль. На адгоне сажня ад гэтай сцэны газэтчык выгукваў навіны з фронту, з Нямеччыны, з Амэрыкі.

— Іх ня відаць, — азірнулася Ліба.

— Яны паехалі іншай дарогай.

— Хаця-б не спазьніцца здаць багаж. Казала-ж Рыгору выбірацца раней, дык ласьне яго ўгаворыш!

Памыйка суцешыў Лібу.