Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/450

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор не забыў перадаць Лібе пра спатканьне з Наталяю, пра гутарку ў упраўленьні кіраўніцтва. На нейкі час ён яшчэ раз спыніўся на забойстве Рудольфа.

Усе закранутыя ім пытаньні разьвязваліся пад кутом погляду блізкага перасяленьня ў Пецярбург.

Апошні выразна ўплываў пагодлівасьцю на іх адносіны. Знайшлі сабе месца ў гэтай іх гутарцы і некаторыя сямейныя пытаньні. І Рыгор і Ліба выявілі перад сабою тое, што з часам мусіла легчы над іхным жыцьцём больш ачулаю павіннасьцю. У які бок накіруецца разьвіцьцё гэтага, пакуль ніводзін з іх ня думаў. Аднак, уваход прыватных жаданьняў у акрэсьленыя рамкі — адцягваў на сябе ўвагу абудвых.

Па-за сьценамі пакою блукалі пашарэлыя ўздымы ранейшых надзей, але абрысы іх туманіліся, як малочнасьць аконнага шкла…


V

КАЛІ НАД СУПРОЦЬЛЕЖНЫМ БУДЫНКАМ стухалі апошнія водблескі захаду, а ў пакоі гусьціўся апойны вясновы змрок, — Ліба запрапанавала Рыгору выйсьці ў горад.

Чыстае нёба спакойнага надвор’я прыносіла ў пакой ажыўлены, узьняты шолам вулічнага жыцьця.

Наперакор раскалыханаму шалу сьмерці, якая жахлівым поступам мерала земляныя абшары, — задзёрыстай, пружыністай рабілася сіла нараджэньня новага. Разам з раставаньнем сьнегу, побач з набуханьнем пупінкаў на дрэвах паўставала бадзёрасьць, уздыблялася да сонца цяга маладых пакаленьняў. Падобна гоману разьюшанай паводкі — гудзела песьня сьвежае, пявучае гамонкі ўсьцяж роўных стужак вуліц.

— Пойдзем!

Яны пасьпешна зьбіраліся выходзіць з пакою, але ў гэты час ужо паднімаўся да іх ганкам Сёмка.

Ён дапытаўся, дзе жыве Рыгор, і з параю важкіх клункаў, за дзьве гадзіны да адходу цягніка, рашыў яго наведаць.

«Рыгор, напэўна, не чакае — ну, што-ж»… І мазольныя, не адмыўныя ад зямлі пальцы, тузнулі званок.

Мэрам-бы ўдваіх пазвалі яго ўваходзіць.

«Удваіх?»

— Добры вечар!