Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За кароткі час Шульц меў магчымасьць гатаваць некаторую колькасьць продукцыі ў запас. Гэтак, ён заўсёды меў гатовымі каля пяці балясаў, шмат замкоў, нажоў і іншага дробнага гаспадарчага начыньня.

Дзякуючы сьмікалцы і зваротлівасьці, Шульц апрацаваў асобыя правілы ўзаемаадносін з сваімі падмайстрамі. Умеючы з імі ладзіць, ён выкарыстоўваў усякім чынам іх працаздольнасьць, не шкадуючы плаціць болей сваіх конкурэнтаў.

Адыгрывала, вядома, пэўную ролю і тое, што ён быў майстар болей адукаваны, практычны, бачыўшы сьвет і знаўшы слабы бок провінцыяльнага падмайстра.

Шульц ніколі і сам не раставаўся з напільнікам ды молатам. Цэлымі днямі стаяў ён побач з чаляднікамі, адукуючы іх у незаўважных дробязях трыманьня молату, нахілу напільніка, згіну плячука пры варстаце; галоўнаю якасьцю ў адукацыі чаляднікаў Шульц лічыў навык і руплівасьць да чыстаты ды акуратнасьці. На гэты конт ён чытаў падмайстрам цэлыя лекцыі і нотацыі, апавядаў шэрагі анэкдотаў і казак, не забываючы падганяць у працы. І сам ён стараўся захоўваць чыстасьць, ні на хвіліну не растаючыся з белым каўнерыкам. Гэта асаблівасьць Шульца вайшла ў пагаворку смагінцаў, якія заўсёды ў гутарках пакладаліся на «немца».

Чаляднікі ганарыліся вучэньнем і працаю ў Шульца. Тыя-ж, што працавалі ў іншых майстэрнях, квапілі на «немца», лічачы спадароў «партачамі».

К таму часу, калі Рыгору трапілася спаткацца з Шульцам — немец меў пяць чалавек чаляднікаў і некалькі пахвальных лістоў за сваю вытворчасьць. Пра яго ведалі ня толькі ў сваім павеце, а чуць не ва ўсёй губэрні.

У сэзонны час, летам, работу да яго прывозілі з далёкіх ваколіц.

Шульц служыў асобнаю адзнакаю мястэчка. Многія судзілі пра Смагін па «сьлясарнай майстэрні немца Карла-Людвіга Шульца».

У сваім местачковым жыцьці смагінцы лічылі гонарам выбраць майстра Шульца ў паверанага, ці ў хадайніка па тых ці іншых справах. Сустракаючыся з ім, яны прыветна зьнімалі шапкі; часта хадзілі да яго за парадамі. Той ад смагінцаў, якому выпадаў лёс наняцца на працу да майстра Шульца — фанабэрыўся гэтым і хваліўся сваім суседзям. Шульц плаціў даражэй