Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/444

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Навошта, часу ў мяне хапае… Ага!..

Наталя спрытна зазірнула ў рыдыкюль і дастала з яго ліст:

— Выбачай, Рыгор. Гэта ён мяне прывёў сюды. На!

— Гэты ліст — ён?!

Яго ўзрок прабег па шэрым квадраціку паперы.

«Ад каго-б?»

— Мяне вельмі прасілі перадаць табе яго і я мусіла…

— Я не магу дагадацца, хто мне яго перасылае… Адну хвіліну…

Рыгор дастаў з конвэрта ліст і ёмка перавярнуў яго на апошнюю старонку.

— Дзе ты з ім стрэлася?

— Зусім выпадкова, у аднэй рабочай сям’і. Ён мне дужа спадабаўся. Ня была знаёма, а ўвечар сышліся, мэрам-бы гадамі ведаю яго. І чаму-ж было адказаць яго просьбе!.. Скардзіўся, што некалькі лістоў напісаў, а ты маўчыш…

— ?!

— Так, так. Анікей Кузін ня схлусіць. Я яму веру…

— Павер, што не атрымаў аніводнага лісту…

— А каб першым напісаў яму, страціў-бы гонар, думаеш?

— У нашых з ім адносінах няма гэтага разуменьня…

— Выбачайце!..

Стукалка адважыў далікатны ўклон у бох Наталі.

Тая адвярнулася на канцылярыю, каб не перашкодзіць.

— Я думаю, Рыгор Міхасевіч, можна будзе гэта аформіць у выглядзе командыроўкі. Вы прабудзеце там месяц і, думаю, што за гэты час або самі падшукаеце, або я выдумаю што… Гэта тады, калі вам патрэбна хутчэй. А калі-б вы пачакалі, тады…

— Дзякую, Прахор Хведаравіч. Дазвольце ўжо водлуг абставін выкарыстаць вашу ласку…

— Што-а вы-і, што-а-а вы-ы! Не за службу, а за дружбу… думайце, калі ласка…

Стукалка тым-жа ціхім і роўным крокам, якім падышоў да Рыгора, вярнуўся да свайго стала.

— Міруся, Наталя, варочацца ў Пецярбург… Няма, ведаеш, мне тут разгарненьня. Менск — гэта вайсковы лягер, прасякнуты жахамі вайны. Генэральскі абцас прыдушыў у ім усё жывое… Апроч звону шпор ды стуку конскіх капытоў — нічага…