Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/441

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Прахор Хведаравіч перапалохаўся, — бадзёрыўся Проваў, выглядваючы з-пад газэты.

І ён паўшэптам пачаў апавяданьне Рыгору пра забойства Боосьнем Рудольфа Шульца. Проваў знайшоў патрэбным пахваліцца Рыгору сваім спачуваньнем забітаму, ды варожасьцю да забойцы.

— …Каб гэта захапіў на гарачым ўчынку — не бяруся за сябе… Ну-ж вам ведама, Рыгор Міхасевіч, што цяпер немец палонны спагады ня знойдзе… Станавы, прахвост, ухмыляўся, калі я стукаў кулаком, патрабуючы заслужанай кары разбойніку… Ды што-ж ты зробіш… Даў выгляд, што паварочвае справу да сур’ёзнага, а далей… ці-ж можна ручыць, што Бросьня ня гуляе зараз яшчэ з падзякаю за стараннасьць?.. Падляцы…

Проваў кулак нечакана для яго самога прайшоў шрацілавым стукам перад носам Стукалкі. Той нэрвова адарваўся ад чытанага рапарту і працягнуў трасучую руку ў бок Яўгена Віктаравіча.

— Супакойся, Хведаравіч! Зямля стаіць нярухомай.

Абое засьмяяліся.

— А я скажу праўду — шкадую Рудольфа. Хоць немец і мо’ сам нёс крыху віны за пачатак вайны, усё-ж у ім таілася зьнянавісьць да яе… І розумам — некалькі раз спрабаваў гутарыць з ім — Кант… Вострая, як нож, думка, багатыя, дзіўныя пляны… Самому-ж Бросьні, гаду, ня раз даваў практычныя рады… Ну-ж той, плюгавец, здатнейшы выявіўся да пярэймы чорнасотніцкага цкаваньня, ніж да патрэбных яго тупаватай галаве ведаў. Вечны пакой дарэмнай ахвяры… Няхай яна будзе залічана ў скарбніцу агульнае адплаты…

— Вас просяць у габінэт… — перабіў Провава нячутна падышоўшы да іх стройны малады чалавек.

Яўген Віктаравіч юрка ўсхапіўся з месца, паправіў мундырчык, кашлянуў і, нічога не сказаўшы ні Стукалку, ні Рыгору, пайшоў да дзьзярэй у габінэт начальніка ўпраўленьня работамі.

Рыгор пачакаў, пакуль Стукалка перагледзіць паперу, і, папрасіўшы прабачэньня, пераказаў яму сваю просьбу. Стукалка, напэўна, не знайшоў яе ні нечаканай, ні нязбыўнай, бо зусім спакойна выслухаў Рыгора і яшчэ спакайней паабяцаў:

— Гэта, бадай, можна будзе ўладзіць ды ня дрэнна для вас.