Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/440

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— До-о-бра! — каротка ды ўверана адказаў Рыгор.

— Так, пара, — паўшэптам дадаў Стукалка.

— Зазналіся, падляцы! — паглядзеўшы на інжынэра, няўверана праказаў незнаёмы Рыгору чалавек.

— Гэта, разумееце, гавораць ня члены Думы, фактычныя сябры падляцоў; гэта іх вуснамі гаворыць жах перад уздымам рабочае помсты, — з тым-жа задзёрам уверыў сагутарнікаў Рыгор.

Яго сказ прымусіў Стукалку з гіронічнай ухмылкай пераглянуцца з Провавым. Апошні, відаць, заінтрыгаваўся гутаркаю, але не зьвярнуў належнае ўвагі на сэнс Рыгоравага сказу.

— Гэтага мала! — стукнуў ён кулаком па стале, заставіўшы Стукалку і двух другіх палахліва паціснуць плячыма, а канцылярыстаў — праверыць вачыма. — Справу трэба выносіць на вуліцу! Не зважаюць грамадзкае думкі, няхай адчуваюць грамадзкага кулака. Досыць гандляваць Расіяй ды глуміцца з яе народу. Грамадзкасьць здолее вярней давесьці вайну да перамогі, чымсь Сухамлінавы з царска-сельскай прадажнай клікай…

Але Рыгор перабіў яго; вайшоўшы ў азарт, ён перастаў лічыцца з вакольнымі абставінамі. І калі сполах нагнаў раптоўную цішыню, ён уголас праказаў:

— Так, вайна кончыцца на вуліцах сталіцы. Але яе кончаць не палахлівыя крыкуны з Таўрыцкіх палацаў, а рабочыя грамады ўжо разварушаных клясавым гневам фабрык і заводаў…

Толькі тады ён скеміў, якую ўзяў на сябе рызыку, кала Стукалкава рука нэрвова тузанула яго за крысо.

Абарваўшы сказ, Рыгор заўважыў лёгкае хваляваньне службоўцаў, якія то закашлівалі, то застуквалі крэсламі начальніцкую зьбянтэжанасьць.

— Няхай вас зусім… які вы неасьцярожлівы! — папракнуў Рыгора Стукалка.

Рыгор уголас засьмяяўся.

Двое чыноўнікаў пасьпяшылі схавацца ў адчыненую фортку дзьвярэй габінэту начальніка ўпраўленьня работамі. Стукалка прыказна матнуў перад Рыгорам міжвольна складзеным кулаком, а кіраўнік работ атраду затуліўся газэтаю.

— Хаця-б не пачуў ніхто, — паглядзеўшы з-пад ілба на пайшоўшых, западозрыў Стукалка.