Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/434

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

суд і кару, ён кідаў фронт і накіроўваў дадому, у тыл, далей ад непатрэбных жахаў на перадавых позыцыях. У тылу было падгатавана яму спачуваньне.

Мянюшка «дэзэртыр» ня ўздымала ружы сораму на змучаных, пажаўцелых тварах тых, хто двухгадоваю пакутаю зразумеў сутнасьць і мэты вайны. Тылавыя героі з земгусараў, шыбэраў і прадажных пісак паходзілі на дзяцей, што пускаюць мыльныя бульбалкі. Пушчаныя ў пачатку вайны, на трэці год яе, гэтыя патрыотычныя гульні згубілі манлівы свой эфэкт. Гэта адчувалася на кожным кроку, у кожным кутку неабсяжнае краіны, у паветры, што яе аблягала.

Дзевяцьсот шаснаццаты год прыходзіў у сьвет пад знакам крутой зьмены агульных поглядаў ды адносін да вайны. Вайна ставіла супроць сябе драбнейшыя праявы народнага жыцьця. Людзкія гушчы прасякала пачуцьцё сухое аднакавасьці да фронту, да стрэлаў гармат, да аэроплянаў і бліндажоў, да пераформаваньняў войска і да вестак са штабу галоўнакомандуючага. Страхі вайны ў сваім расьцяжэньні ў будучае зьліваліся з буднямі, якія капілі ў сабе порах для расплаты за яе.

Процэс перараджэньня людзкое псыхікі, зьмена ў настроях паасобных пластоў жыхарства выпуклялі новую эпоху на пасаду гістарычнасьці. Апошняя рашуча спускалася на зямлю, надаючы вастраты малейшым калываньням грамадзкага жыцьця. З усіх шчэлак дзьмула завабна-трапяткім павеем няяснага, а жаданага ды няпрыменнага.

У Рыгоравай істоце калыхаліся хвалі разьюшанага, уздымнага пачуцьця. Гэта пачуцьцё не давала яму спакою. Нават Павал Памыйка не здавальняў Рыгора сухаватасьцю сваіх вывадаў. Больш-менш улагоджваў яго, рэдка наведваючы, Сіман Галас; але тая работа, якую яны вялі ў Менску, не давала Рыгору поўнага здаволеньня.

Седзячы ў Рыгора адным лютаўскім вечарам Сіман казаў:

— На тваім месцы, браце, я ўжо даўно быў-бы ў Пецярбурзе… Болей таго, я нават ня даўся-б так лёгка з яго выехаць… Чым цябе прыцягвае Менск? Службаю ў упраўленьні дарожных работ?

— Тым болей не становішчам ды зарабаткам, якія ён дае… Ха-ха-ха! Сіман! Мяне Менск прыцягвае тым самым, што і цябе. З тым-жа посьпехам ты можаш яго замяніць на Адэсу, Маскву