Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/427

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ага, бок, маю вам перадаць уклон ад вашага таварыша… Ня так даўно заходзіў на Знаменскую і пытаў кагосьці… ня памятаю каго… Луговіча якогасьці… Ды самога таварыша прозьвішча запамятаваў… З Масквы прыяжджаў…

— З Масквы? Дагадваюся…

Яны разьвіталіся.

Кароценькі чалавек уподбежкі накіраваўся да першага стала, а Рыгор выйшаў на вуліцу.

Для яго было зусім неспадзяваным, калі на адгоне кварталу з боку, у яго зноў пачуўся нядаўна заціхшы голас прадстаўніка бежанскага комітэту.

— Калі вы думаеце пра Пецярбург, то ці не ўзяліся-б вы часамі за маю працу па комітэце? Я вельмі вас прасіў-бы. Мне да таго цяжка, што я з радасьцю ўцёк-бы сюды ў Менск…

— Я не абяцаю вам гэтага…

— То давайце мы так скомбінуем, — настойваў кароценькі чалавек. — Вы зьвяжацеся з Менскім комітэтам, а я вымалю замест вас другога чалавека сабе на замену…

Рыгор і на гэту пропозыцыю ня даў акрэсьленага адказу. Гэта астудзіла кароценькага чалавека і прымусіла яго перайсьці на іншыя тэмы. Аднак, кожная з новых тэм непраменна стыкалася з бежанскімі справамі, а тыя цягнулі за сабою скаргі на цяжкасьць працы ў комітэце. Нельга было западозрыць няшчырасьці ў яго споведзі, тым болей Рыгору, які збольшага ведаў становішча комітэту. Знаёмы быў Рыгор і з працаю кароценькага чалавека ў комітэце. Але ўсё-ж думкі яго былі далёка ад гэтага.

— Будзе час пра гэта пагаварыць па маім прыезьдзе ў Пецярбург, — адказаў ён, каб скончыць гутарку.

Кароценькі чалавек мэрам-бы гэтага і чакаў. Ён зразу спыніўся, з падзякай падаў Рыгору руку і крута павярнуў назад. Калі Рыгор азірнуўся, то ён ужо бачыў кароценькага чалавека на гоны ад сябе.

«Сапраўды працуе з пачуцьцём і самаадданасьцю», — уголас выказаў ён пра сябе.

І не пасьпеў зрабіць кроку з новаю думкай, як знаёмы жаночы голас пераняў яго сказам:

— За кім вы так пільна ўзіраецеся?