Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/414

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рудога дому. Направа ад яго высілася якаісьці, касьцёльнага стылю, пачарнеўшая ад часу будыніна. Востраю процілегласьцю ёй выглядаў старэнькі, дзеравяны домік наўскасяк акна, з якога ён глядзеў.

— У цябе добры выгляд з акна.

— Гэта першае, што ты заўважыў?

— Ня толькі гэта…

Ён ніякавата адвярнуўся ад акна і прайшоўся пакоікам. Зьнячэўку стукнуўся аб камод, які звужаў праход данельга.

— Аднак, ты непаваротны, — пажартавала Ліба.

— Павернешся ў цябе…

Яна расьсьмяялася.

— Не да спадобы?

Рыгор аглядзеў беднае абсталяваньне Лібінага пакою. Старэнькі пачарнелы ложак, камод, столік, два крэслы — гэта быў увесь асортымэнт мэблі. Да яе залічалася пагнутая драцяная вешалка, зьлезлае, забруджанае мухамі люстра і пару старых, паморшчаных пад рамкамі олеографій.

— Тут блізка ёсьць готэль?

— Чаму? — занедаволілася Ліба.

— Я не хачу цябе цясьніць…

— Гэта як разумець?

— Ды гаспадыня…

— Што за далікатнасьць, Рыгор!

Ніякае далікатнасьці! Я хачу, каб табе лепш…

— Дзякую за дбаньне — толькі ня рыпайся… Гарбату піцьмеш?

— Давай пойдзем паабедаць…

— Я цябе павяду да харчоўкі, аддам ключ, а сама наведаю лазарэт…

— Паабедаем удваіх…

— Я ўжо і так спазьнілася, Рыгор… Папрасіла, ідучы на вакзал, таварышку, і тая, пэўна, праклінае мяне… А можа абход, крый бяды…

У дзьвярах іх сустрэла пажылая, нізкая кабета.

— Гэта мой зямляк… Ён на нейкі час застанавіўся ў мяне… Майце, Сара Восіпаўна, на ўвазе…

— Ды ўжо-ж… няхай, чаму не… што мне мяшае… Можа-ж трэба будзе другая пасьцель — спакойна адказала яна.