Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/410

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А вам гэта не да спадобы?

Паўз іх праехала некалькі рамізьнікаў да вакзала…

Яны ўскорылі хаду. Гудок, які вяшчаў прыбыцьцё цягніка, стрэў іх на ўсходах у будынак вакзала.

З будынку дыхнула густым, спэцыфічным імпадам неправетранай казармы.

Яны перш памкнуліся прайсьці на пэрон праз трэцюю клясу, а далей мусілі павярнуць у першую. Напакованая людзьмі, як бочка селядцамі, трэцяя кляса прыпыніла іх у дзьверах.

У першай таксама ня відаць было вольнае мясьціны. Усе буфэтныя сталы, крэслы і лаўкі, што прызначаны для чаканьня, былі выкарыстаны поўнасьцю. Людзі стаялі і тупалі ў прагалінах між сталоў і крэсел, нясьціхана швэндаліся ў дзьверах. Стаяў кірмашовы шолам, у якім губіўся стук падышоўшага цягніка.

— Нам лепей стаць пры выхадных дзьвярах, — парадзіў Павал.

— А я ўжо ня ведаю…

Яны выйшлі з першае клясы, але пасажыры, хлынуўшы ў вакзал, не далі прайсьці да намечанага месца.

— Глядзеце адсюль…

— Вам каго? Ха-ха-ха!.. Памыйка, калі не абмыляюся? — праказаў хтосьці ззаду іх.

Павал аглянуўся.

— Прахор Хведаравіч?

— Як бачыце. Гэта-ж праводзіў знаёмага — едзе ў Харкаў. А вы чаго?

— Я сустракаю… свайго таварыша… Да вас едзе… Выпадкова даведаўся…

— Да нас?..

Прахор Хведаравіч узяў пад казырок і пашыўся да выйсьця.

Павал успомніў, што яму варта было-б запытаць наконт пазаўтрашняй командыроўкі, і зрабіў намер кінуцца ў дагонкі.

— Ты куды гэта? — хапіў яго за руку Рыгор.

У гэты-ж момант накіравала за ім і Лібіна рука, але яе агарнуў у бок якісьці здаравенны салдат. Гэты-ж салдат схаваў за сабою і ўсю Лібу.

— Адзін? — запытаў Рыгор.

— З Лібаю!