Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/407

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго родзіць патуханьне яскравых фарбаў квітучага лета, кратала яго ціхім даткненьнем павуціньня.

Местачковыя будынкі зьмянілі яго самаадчуваньне. Ад іх навеяла Сілцамі, Смагіным, даўно пакінутымі мястэчкамі, доля якіх цяпер яму невядома. Ну, яны, адноўленыя ў яго ваччу вялікім падабенствам, былі жывымі і блізкімі.

— Хвілінку!

Вокліч, што пачуўся зьлева, адцяг Рыгора ад разьюшаных дарожным настроем думак.

— Стой! — гукнуў ён фурману.

Вымуштраваныя ў руках вымагальнага фурмана коні адбілі стройны крок на месцы.

— Едзеце?

Кіраўнік работ працягнуў Рыгору руку з сінім квадрацікам паперы, заціснутай у два пальцы.

— Аддасьцё Прахору Хведаравічу Стукалку, кіраўніку канцылярыі. З ім і лепей усяго мець справу, бо ад яго многае залежыць у вашым прызначэньні. Да рэчы, я ў лісьце рэкомэндую вас з лепшага боку… Прахор Хведаравіч — душа чалавек. Вы знойдзеце ў ім сябра і колегу… Цалкам ваша падабенства… Але, калі ласка, прасеце ад мяне, каб ён і мае просьбы не забыў… Бывайце!..

— Дзякую за ўвагу… і… не палічэце надазойлівым, калі што-кольвечы з маім бежанцам — зрабеце, што можна…

— Буду мець на воку… Ад’е!..

Проваў крута павярнуў ад воза і хутка схаваўся з Рыгорава ваччу.

Наперадзе цягнулася загразьненая вуліца, канец якое за апошнімі будынкамі ўпіраўся ў грудок. Гэта з таго грудка пры першым уезьдзе ў мястэчка Рыгор разьзіраў захапляўшы яго ляндшафт.

На гэты раз Рыгор абмежаваўся двума повертамі галавы, кінографічным абегам узроку — чаму мястэчка, прысады, двор, аддаленыя лясы і рэчка зьліліся ў яго ваччу ў адно плямістае палатно.

Сьвісток манэўровага цягніка на станцыі адагнаў і ад гэтага Рыгоравы думкі.