Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/404

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За Сёмкам пераступіў парог Рудольф.

— Яшчэ спаў?

— Сабака абудзіў.

— А пара ўставаць. Сёньня-ж едзеш.

Сёмка пытальна паглядзеў у Рыгораў заспаны твар.

— Так, рэчы запакованы.

Ён паказаў на куфэрак.

— Дык бывай здароў, таварыш! — працягнуў Сёмка Рыгору руку, — дзякую, вельмі дзякую за тваю дапамогу мне. Каб ня ты — хто ведае, дзе я быў-бы і што-б са мною сталася… Ты выратаваў… і прашу, дазволь напісаць у скрутную хвіліну… Бывай!..

Яны пацалаваліся.

— Таксама дзякую, — заняў Рудольф Сёмкава месца, — я шчыра задаволены нашым спатканьнем. Яно палажыла новую мяжу ў маім шэрым, паднявольным жыцьці палоннага… За мяжою — цёмны змрок невядомасьці, наперадзе — хто адгадае? — трэба верыць у шчасьлівае жыцьцё. Дазволь і мне пісаць. Ужо адна твая прысутнасьць недалёка мяне значна легчыць маё моральнае адчуваньне…

Рыгор пацалаваўся з Рудольфам.

— Бывай, шчасьлівае дарогі! — пажадалі Рыгору таварышы, выходзячы з яго пакою.

Рыгор правёў іх за дзьверы.

Дзядзінцам маршавалі на працу, зьмяшаўшыся ў адну грамадку, рабочыя атраду і палонныя. Наводдаль ад іх ішло трое конвойных з рэвольвэрамі пры боку. Атрадаўцы нясьлі жалезьнякі, пілы, сякеры. Адзін высьвістаў «Каробачку», другі заводзіў мотывы з вальсу «На сопках Манчжурыі».

Разрэджаны туман агаляў празрыстую пляміну сіняга лазурку. Пляма выглядала глыбокай ямай, берагі якое прадстаўлялі атрогі засьнежаных гор.

Рыгор абвёў разьвітальным узрокам палахлівую грамадку людзей, дваровыя будынкі, неба і вярнуўся да сябе.

Гадзіньнік паказваў восем. Дзьве з паловаю гадзіны заставаліся на сьнеданьне, разьлік з гаспадыняй, дарогу да станцыі.

Часу хапала, і ён, не сьпяшаючыся, прыбраўся ды зайшоў да гаспадыні.