Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/402

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Зараз! — пачулася з-за сьценкі.

— Уражаньне — мэрам цябе засадзілі ў сталёвы кацёл і грукаюць па ім малатамі. У зацяжным, надрыўным гуку тонуць усякія жаданьні і расплываецца сэнс жыцьця…

— Вось вам!

Маладзіца ўперла дзьве поўных шклянкі ў цесныя прагалінкі паміж талерак, пасьля забразгала імі ў руках.

Рудольф пры кожным стуку нэрвова ўздрыгваў, закусваючы губы ад ніякаватага адчуваньня.

— Можа ваш знаёмы захоча застацца начаваць, то скажэце — я прыгатую пасьцель.

— Дзякуем. Не маракуйце за турбацыю, якую ўжо прынясьлі вам.

— Ды то-е нічога, людзкая справа…

Гаспадыня закончыла сказ за дзьвярыма, ажно ён расплыўся ў далейшых словах Рудольфа:

— Я ня думаў, што вэрдэнскія позыцыі адпусьцяць мяне жывога. Мае вочы бачылі цесныя завалы ў нязьлічаных трупах маіх таварышоў… Страшэнныя вобразы зглумленых за няма нішто людзей затулялі крохкія рваныя мары пра Смагін, Пецярбург, Стокгольм, Гамбург, Бэрлін, Кёльн і Рэйн… І вось — сярод цёмнае ночы, пры трапяткіх праменьнях прожэктараў і выбухаў фэйервэрачных ракет — мы адступілі…

Далей цягнік, новыя гарады, сьвежыя ляндшафты. І на другі дзень ад вечару мы на балотных роўнасьцях Курляндыі… З цягніка — проста на позыцыі. На золаку — атака. Перада мною — знаёмыя твары прамігаўшых у Пецярбургу салдат. Няўжо іх браць у цэль і засьцілаць мёртвымі целамі патоптаныя поплавы?.. Рука прыказна націскае курок і на маім ваччу… Нне-э, я падаюся ўправа, дзе націск расійцаў робіцца напружнейшы, ахоплівае наш флянг і, нарэшце, цэлую роту аддзяляе ад папхнутай назад колёны… У абед — я палонны…

— Можа пераначуеш?

Рыгор паглядзеў на ложак.

— Ня варта рабіць табе няпрыемнасьці… Кінь, Рыгор, я лепш пайду на сена…

— Возьмеш коўдру?

Ён тут-жа садраў яе з пасьцелі і згарнуў у камяк.

— Ды ці варта…