Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/401

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хоць на акне пастаў.

— А калі трэ’ будзе гарбата, паклічце.

— Дзякуем…

Рудольф жадна хапіўся за яду. Ядучы, ён ня мог трымацца, каб не працягваць апавяданьня. З перарывамі, глытаючы словы, ён на працягу вячэры пасьпеў апісаць дарогу ад Пецярбургу да Гамбургу.

— І каб сказаў, што Нямеччына падмацавала мае надзеі — ніколькі. На першым-жа кроку мяне здушыла ваеннае паветра, прасякнутае крывёю, зоолёгічнай нянавісьцю да расійцаў і французаў. Я адчуў сябе ў жалезных ланцугох суворае, пагалоўнае ваеншчыны… Яна бразгала шпорамі, стукала падкаванымі абцасамі, блішчэла залатымі палетамі і сталёвымі рулямі вінтовак, кулямётаў ды гармат. А нашыя соцыял-дэмократы аказаліся ня лепш за прускіх юнкераў. Тыя-ж, якія асьмельваліся так ці інакш протэставаць, даўно ўжо пакутвалі ў казематах. Разьюшаны вайсковаю гарачкаю, нашпігаваны таннай патрыотычнасьцю, у вобдыме навіслых недастач — гэткім стрэў мяне Бэрлін… Але мне ня прышлося доўга разглядаць яго ваенізаванае жыцьцё… Ужо праз тыдзень я быў шэраю, нявыразнаю між тысячамі іншых адзінкаю ляндштурмнага палка. Нада мною навіс небасхіл у выглядзе шэрай, мулкай і адваротнай нямецкай каскі. У процьме вайсковых падзей, як ва ўзьнятым самуме, вярцелася бягучае жыцьцё.

Поле руцянела густым жытам і ценкаю ярыною, калі наш эшалён перабягаў ад гораду да гораду напрамкам да Рэйну… Чыстая вада рэчкі, як і адвеку, спакойна абмывала заасфальтаваныя берагі… Руіны фэўдальных замкаў нядбайна глядзелі ў яе люстра, слухаючы нясупынную стукатню дзень і ноч рухаючых цягнікоў… З-пад Аахэна, з Лётарынгіі, з-пад сьцен Льежу плылі эшалёны раненых, іх модлы ляцелі да неба, наганяючы шпіцы Кёльнскага сабору…

Пасьля — позыцыі пад Вэрдэнам… Штурмы, горы забітых, павіслых на электрызаваных драцяных загарадках, у забэтоненых акопах… Траскатня самалётаў і грамавое буханьне 42-дзюймовак.

— Будзем піць гарбату?

— Можна.

Рыгор пастукаў.