Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/398

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Той самы конвойны, які зьявіўся ў канцылярыю кіраўніка работ, а пасьля папаў у героі адыгранай Рыгорам гісторы, падаў яму кніжку.

Бросьня разгарнуў яе і стаў разглядаць.

Яго ўвагу адняў на сябе паложавы Рыгорам на кніжку ліст…


IV

АД РУДОЛЬФА пахла потам. Заношаная гімнасьцёрка муляла шыю чорным бліскучым каўняром. Палатаныя на каленях порткі, вынашаныя да махроў абгорткі, адтапыраныя падошвы на вышмуленых чаравіках — усё адзеньне ў цалку шаржыравала стройнага і чыстага раней немца — бурса. Цяжка было прывыкнуць воку бачыць перад сабою аброслы рыжым бруднаватым валасеньнем белы далікатны Рудольфаў твар, які ўпарта змагаўся сваёю прывабнасьцю, сваімі сымпатычнымі рысамі з беднатою ўсяе постаці.

Гэта выразна адчуваў сам Рудольф, баючыся шаргануцца аб Рыгораў ложак і не асьмельваючыся прысесьці на крэсла.

Ён стаяў каля акна і стараўся як мага звузіцца, патанчэць, каб менш заняць месца ў Рыгоравым пакоі.

Апошні выглядаў у Рудольфавым ваччу нічым ня горшым ад княжацкіх палацаў, поўным салодкага прытулку і гасьціннага спакою. Ужо даўно іх Рудольф ня бачыў. Памятая, старэнькая падушка на ложку, незнаёмая ў свой час ні бацькавай кватэры ў Смагіне, ні Рудольфаваму пакою ў Пецярбурзе, зараз маніла яго да сябе, расплываючыся затуманеным месяцам.

— Садзіся, чаго стаіш. Тут конвойнага няма! — пажартаваў Рыгор.

— Дзякуй, пастаю!

— Яшчэ чаго! Кінь упартасьць!

Рудольф адсунуў крэсла ад ложка, паглядзеў на яго і асьцярожліва сеў.

Ён умацаваўся на крэсьле толькі тады, калі Рыгор выбег з пакою, каб папрасіць у гаспадыні гарбаты.

Абставіны Рыгоравай каморкі, ціхая гутарка з гаспадыняй увялі Рудольфа ў каляіну спакою.

— Ты значна перайначыўся! — падаў Рыгор, вярнуўшыся ў пакой.