Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/397

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, у Нямеччыне-э…

— Кінь…

— За гэты час я вывучыў нямецкую дысцыпліну, як належыць…

Рудольф нясьмела ўхмыльнуўся.

— Вось, бач, як перакруцілася калясо! — дадаў ён.

— Надзвычай цікава! Каб хто сказаў, палічыў-бы казкаю…

— Я сам дзіўлюся… Сапраўды — казачна… Гісторыя, якая варта-а…

Яны ўпёрліся вачыма ў нагнаную колёну палонных. Гэта было пры ўзыходзе першых шэрагаў на забруджаныя аполкі мосту. Конвойныя сьвечкамі пасталі з абодвых бакоў колёны, абапёршыся на няўстойныя парэнчы. Узятыя на перавагу вінтоўкі бліскучымі штыхамі пагражалі кожнаму, хто-б выйшаў з шэрагаў напрамкам да рэчкі. Аднак, настарожанасьць конвойных абышлася бяз ужытку. Ды яна была зусім лішняй ва ўмовах, якія адгараджвалі заспакоеную думку ад драпежнага подыху сьмерці. Пачуцьцё самазахаваньня абмацвала ўнутры кожнага палоннага пункт апоры, хоць нявыразнасьць наступнага і калыхала яе ўстоямі.

Асеньняе надвор’е з цёплым летнім сонцам, з пахам зложанай у бабкі і распростанай ярыны, з зеленьню адрослай атавы, з няўмоўчным цвырканьнем вераб’ёў і скакунцоў, навейвала на выхапленых з кіпцюроў сьмерці палонных радасныя думкі аб працягу жыцьця. Шырокая ровень поплаву і густая купка дваровага саду, чыстае ўлоньне рэчкі асоцыявалі ў іх памяці прускую і саксонскую раўніны; узгрудак каля апрысаджанага шляху, самыя прысады і маладая дубрава за мястэчкам — дапаміналі гарыстую Цюрынгію…

Крохкая, але ўпартая надзея, глядзела з панурых, прытупленых вачэй палонных. Гэта надзея скрадала шурпатасьці вайсковых умоў чужое краіны, драпежныя ўзрокі фанатычных патрыотаў, фэльдфэбэльскую дзікасьць муштраў і беспагаднасьць да голаду і холаду ўжо бясшкодных людзей…

— Сто-ай! Вво-альна-а!

Рэха тупату ног пракацілася па шырокім дзядзінцы. З усіх канцоў яго накіравалі да атраду дзеці і дарослыя. Разам з імі падышоў і тэхнік Бросьня.