Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/395

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Унтар адышоў да акна і настарожана, статуяй замёр на месцы.

— Давядзецца накіраваць у двор… Але дзе іх будзе разьмясьціць?

Кіраўнік работ нездаволена скрывіў твар і пачасаў затылак…

— Калі будзеце ад’яжджаць, не забудзьце заскочыць да мяне, — праказаў ён да Рыгора, а сьледам адвярнуўся да унтара:

— Адвесьці ў двор!..

— Сслушаю-ю-аз, ваша… рродзьзе!

Рыгор забраў свае паперы і выйшаў на ганак. Унтар раўняў палонных у дарогу.

Змораныя, задрыпаныя ў дарозе, аброслыя і панурыя палонныя рухава хавалі ў парваныя кішэні аблезлых шынэляў недакураныя люлькі, раўняючыся пад гукі команды.

Пяцёра ўзброеных конвойцаў пашырылі ацяты вакол палонных круг, нязьмігутна сочачы за безаружным «ворагам».

І зусім не да часу і ні да месца былі занадта суворыя іх узрокі ды напружанае трыманьне вінтовак. Яшчэ болей лішнімі паказвалася строгая муштра командуючага імі унтара, які храбра абводзіў шарэнгу зьвярыным узрокам, несарамліва штурхаючы не пасьпеўшых выраўняцца згодна яго ранжыру.

Кожны гэткі штуршок выклікаў з боку гледачоў зычны разьліў рогату, а ў палонных выраз затоенае злосьці.

Тою-ж злосьцю быў абураны і Рыгор. Ён нэрвова азірнуўся на дзьверы канцылярыі, шукаючы ў іх кіраўніка работ, каб апэляваць на салдацкую жорсткасьць у адносінах да палонных, але не знаходзіў яго. Тады ён ня стрымаўся і нечакана для ўсіх рвануўся з месца і ў момант апынуўся ля бравага тылавіка; той ня згледзеў, тузаючы за стрыфель аднаго з палонных, як Рыгорава здаровая рука моцна адштурхнула яго ад пакрыўджанага. Унтар замёр, скмеціўшы перад носам злосны твар Рыгора і ня ведаючы, што рабіць. Чыноўнічая форма напалохала яго, прымусіўшы тую руку, што тузала палоннага, пакорліва падняцца ўгору і ўзяць пад казырок.

— Ці-ж можна так бяз жалю! — сур’ёзна выгукнуў Рыгор.

— Вінават-с, ваш…

Рыгор абярнуўся да пакрыўджанага унтарам палоннага і ня ўсьпеў спыніцца на ім вачмі, як пачуў з яго губ вокліч:

— Рыго-ар!