Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ты?

— За яе — мяне дзякуйце, — пахваліўся Лазар.

— А то-ж ня праўда? — ветліва паглядзела на яго Гэля.

— Не чакаць-жа Сёмку, пакуль знойдзецца добры ангел і вынесе яго па сваіх крыльлях з Сілцоў…

— Так, яго пільна сьцерагуць гэтыя ангелы…

— Якія такія ангелы?

— А ты-ж хіба, Сроль, ня ведаеш, што з Сёмкам было?

Усе настаражыліся.

— Ты не жартуеш?

— Чаму вы мне ня хочаце верыць?

— Адкуль ты ўзяла?..

Гэля расказала гісторыю з Сёмкам, якога, незадоўга перад яе выездам з Сілцоў поліцыя арыштавала і пад канвоем прывяла з поля ў мястэчка.

Гэта навіна востра зацікавіла Рыгора і Сроля. Яны рэшту часу, праведзенага ў гасьцях у Гэлі, не астаўлялі Сёмкі без свае ўвагі.

Кожны стараўся лепей вымеркаваць плян, калі-б і як перацягнуць Сёмку з Сілцоў у горад.

Але ўрэшше ім не ўдалося спыніцца ні на акрэсьленым часе, ні на пэўным горадзе.

І Рыгор, і Сроль пакуль мала орыентаваліся ў сваім наступным. Перад адным і перад другім, аднака, губіліся няясныя пэрспэктывы іх будучыні.

У адносінах да Сёмкі пры іх аставалася ўсяго добрае сэрца і цёплае пачуцьцё таварышоў — ды ці-ж з гэтым адным можна было ўступаць у вайну з жорсткім жыцьцём з-за таварыша?

Для Гэлінага гонару, аднак, хапала таварышовага завярэньня, і яна з здавальненьнем сустрэла ўспыхшае ў сабе жаданьне паведаміць пра гэта Сёмку.

Але ўжо праз некалькі хвілін пасьля гэтага, калі нечакана для ўсіх пад вокнамі загрукацелі падводы, а па «готэлі» ўдвоілася ад’езная сумятлівасьць. Гэля забылася мімалётнага парыву, — праўдзівей — ён затушыўся ў яе нутры няпрыемнай выявай сапраўднасьці.

Гэта-ж сапраўднасьць вочавідкі пляміла чорнаю хварбаю халоднага растаньня цеплату і бляск зьнянацкай мілай стрэчы…