Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/366

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды з коньмі, — гэта-ж на ўсё лета язды!

— А што зробіш… Хоць да Воршы даехаць, не аддаваць-жа каня за бясцэнак. Можа ўдасца, то ў Воршы збудзем, далей — цягніком.

— На Курск?

Сёмка пытальна паглядзеў Вольцы ў твар.

— Або я ведаю? — адказала тая. — За людзьмі.

— Можа-б ты параіў што, Рыгор? Ты-ж аднакава, чалавек бывалы… Падумай братка!..

Волька сказала і настарожліва чакала адказу, зусім няўвераная ў яго збавеньне.

Рыгор задуменна глядзеў на цёмныя кароны ліп. Думкі бязмоцна засядалі ў рупяным лісьці. Мацерын вобраз блытаў іх разгарненьні і туманіў горнасьцю. Двуактавая трагедыя пілавала сэрца. Дзе выйсьце?

Раптам, мэрам хто падказаў, перад Рыгорам мігнуў бежанскі комітэт у Пецярбурзе. Як жывы, забегаў кароценькі чалавек.

— Так, я магу вам параіць…

На дзядзінец узьехала падвода. Аглянуўшыся на стук калёс, можна было бачыць, як зьлезшы з воза чалавек прайшоў да кватэры аканома.

Рыгор кінуў гутарку і пабег яму наўздагон.

— Яўген Віктаравіч, прашу вас! — выгукнуў ён.

Кіраўнік работ азірнуўся на Рыгора, трымаючыся за клямку дзьвярэй.

— Я-б вельмі прасіў вас… тут бежанцы, мае добрыя знаёмыя… ці нельга было-б залічыць у атрад? Ведаеце, Яўген Віктаравіч, згінуць людзі — два тыдні ў дарозе. Едуць — а куды?..

— Ці-ж яны адны? Ня ведаю. Упраўленьне мае прыслаць палонных. Цяжка сказаць… Трэба падумаць…

Кіраўнік думаў, паглядаючы ў бок падводы, — Рыгор прасіў далей:

— Можа як-колечы ўсё-ткі можна было-б… Буду вам шчыра ўдзячным.

— Падумаю… Бач, зараз мы ўсім адказваем, — паддаваўся кіраўнік.

— Я-б згодзен хоць на сваё месца, Яўген Віктаравіч!

— Кіньце, што вы!.. Трэба падумаць… Няўжо-такі мы ня вымеркуем…