Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/365

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Прышлося, сынку, што на’т у доме не пахавалі. Якія мы няшчасныя! Гэта-ж Хведар мой, ці-ж бы іншаю парою ня мог яшчэ гадоў з пятак пажыць? А то-та жа…

Волька суцяшала:

— Кіньце, маці… Вось яны памерлі — то спакайнейшымі будуць. Ці ня лепш, падумай, чым валачыцца па гэтым сьвеце? — Рыгор не малы, ды ня то, каб у нядолі… На ліха казана гэта жыцьцё ў наш час…

Развагі жанок не зьмяншалі Рыгоравай страты. Думкі пра мацеру адцягалі яго ўвагу ад узьнятага абгавору бежанскага становішча таварышоў. Галава адказвалася працаваць: пляны, што раптам узьнікалі, раптам-жа бязьсьледна гінулі.

Бяспомачнасьць у дачы паратунку таварышам нэрвавала і яшчэ болей дратавала Рыгора.

— Едзем, а куды — губімся! — скардзіўся Сёмка.

І ў гэтай яго скарзе ўтрата бацькі атульвалася маўчанкаю. Страшным жахам нясло ад змучанай сям’і, зьежджанага каня, з высахшых і зьбітых калёс, з слабенькіх драбінак, напакаваных рэшткамі доўгагадовага набытку.

— Што мне ім парадзіць і чым пасобіць?

Рыгоравы думкі паступова вызваляліся з полану першых уражаньняў ад сьмерці мацеры і разьюшана віліся вакол глыбейшай трагедыі жывых. То-ж былі лепшыя і шчырэйшыя яго сябры… То былі…

— Усё-ж вы думаеце нешта, калі кіруеце на Воршу?

— Дарога ідзе на Воршу і мы едзем на Воршу. Ня ехаць-жа на Вільню! А за Воршаю?

— Ну, мне-ж хтосьці казаў… Гэлін бацька? — што сілкоўцы…

— Вось, братка Рыгор, гэта-ж падумаць — Гэля?

Волька спагадліва паківала галавою.

— Бывала, столькі рэзвасьці ў дзяўчыны, столькі жыцьця! Бывала…

Вольчын сказ на момант спыніў далейшую гутарку пра наступнае, і вобразы бесклапотнага мінулага вярнулі іх да Сілцоў.

— Бывала… няма чаго ўспамінаць бывалашняга… Глядзеце, дзеткі, у будучыню…

Саламея азірнулася на Вольку…

— Так, частка паехала на Куршчыну. Та, думаеш, ведаем, якаво ім там?