Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/363

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо ён падняў руку, каб пастукаць, і невядома чаму — не зрабіў гэтага.

Павал угледзеў праз акно, як Рыгор заходзіў за платы сада. Перш намерыўся гукнуць, пасьля перадумаў — авось вернецца. Ён некалькі разоў, пакуль сабраўся выйсьці з пакою, паглядзеў у акно — Рыгора ня бачыў.

Той пераходзіў грудок напрамкам да гасьцінцу, калі Павал апынуўся пры выйсьці на поплаў.

Ціхая, разважная хада Рыгора астудзіла Паўлаў настрой нагнаць таварыша.

Ён крута павярнуў назад і ўжо зараза-жа ехаў з тэхнікам у мястэчка.

На тым месцы, адкуль вярнуўся, яны ўдваіх паглядзелі ў бок гасьцінцу, паўз грудок. Адтуль ехала пара падвод з будамі — ні то балаголы, ні то старцы.

Едуць — няхай сабе едуць, — мэрам-бы гэтак і трэба, ні тэхнік, ні Павал не зацікавіліся. Але з мосту праз рэчку, калі адзін з іх адвярнуўся да двара — угледзеў за вазамі чалавека, дапамінаўшага Рыгора.

Паказалася?

Так, то быў Рыгор. Ён праводзіў да двара, на пастой, а мо’ і на пераначоўку падводу свайго таварыша-земляка — Сёмку Загона. Сёмка з сям’ёю ехаў у бежанцы. Другі тыдзень у дарозе.

Хто думаў яго стрэць пад дваром Ступкі?

Рыгор дзівіўся, як звычайна, ад нечаканасьці, калі пазнаў у змардаваным, пахудзелым, ссутуленым не па гадох пастарэўшым селяніне — Сёмку. Не хацелася верыць, як той знаёмым голасам запытаў у яго адгону да Воршы. Рыгор адказаў і зрабіў крок каб пайсьці да лесу, куды ішоў, але недаверана спыніўся. У гэты момант, адстаўшы ад воза, Сёмка спыніўся і ўпарта паглядзеў на яго. Адначасна пазналі адзін другога.

Сёмка паклікаў Вольку, і іх падвода вылучылася з доўгага шнура бежанскага абозу.

Стрэча з Рыгорам легла на іх тварах адбіткам радасьці. У гэтай радасьці зьніклі на момант і тыя сумныя весткі, якія вёз Сёмка Рыгору.

Толькі тады, калі яны заварочвалі ў двор, Сёмка, між іншымі навінамі, паведаміў таварышу:

— А тры дні таму, як пахавалі тваю маці.