Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/355

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мы прасілі пры дарозе, дык тэхнік адказаў. І мусім таўчыся па ламаччу; блізкі сьвет перацягні гэтую штуку.

Лёза блішчастае сякеры павісла над чырвонай гладзьдзю хваіны.

— Гатоў падкладкі! — перабіў іх басісты голас з-пад верху дзеравячыны.

Стукі замерлі і чэцьвера чалавек прыгнуліся над верхамі хваіны.

— Н-ну-у яшчэ-э-а! Рраз-ам!

Рыгор як стаяў, мігам прылёг да бакавое сьпіны і напяўся да чырвані на твары.

— Кладзі-ы!

Тоўсты кругляк пакорна лёг пад верхавінаю. Хвоя глядзела паверх сваіх нядаўна жывых, а зараз памятых, але яшчэ зялёных ралак проста ў густы ліст арэшніку.

Праз нейкі час яна паднялася яшчэ вышэй, а далей пакацілася ў бок, дзе сьвіцілася дарога.

— Пойдам з лесу?

Рыгор аглядаў яго асаблівы, таямнічы сьвет.

У высокіх хвоях, пераплеценых зьнізу кустамі, у вільготным змроку, запярэшчаным трапяткімі плямкамі сонца, у напалоханых сьвістах птушак — паўставалі незабытыя ўспаміны мінулага. Веела здароваю бадзёрасьцю; самота набывала сілу, моц і вялікасьць. Цягнула да чыннасьці, да руху, да бегатні.

Але з дарогі гукалі на сьнеданьне.

— Ты дзе пакінуў пляшкі з малаком?

— Не забыўся!

Хутка яны сядзелі на граніцы лесу ўрад з рабочымі, пілі малако, салодкае і тлустае, ды ўспаміналі дбайную гаспадыню.

— Ах, Памыйка!

Шырокая далонь рукі тэхніка Якава Бросьні прапаўзла паўз Паўла да пляшкі.

— Не для вас!

Павал аглянуўся назад і ўстаў.

— Добры дзень!

— Толькі сёньня вярнуліся?

— Так… Вось мой таварыш і старшы рабочы, Рыгор Нязвычны.