Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/354

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Расьцягнутыя ланцугом рабочыя ў момант сабраліся ў шчыльную грамаду. Усе яны з пахіленымі галовамі спагадліва глядзелі на хударлявага белабрысага мужчыну, які, сьціснуўшы зубы, са скрыўленым ад болі тварам супыняў бягучую з нагі кроў.

— Перавязаць, — дагадаўся праз нейкі час адзін з грамадкі, і сьледам у руках другога дзярнулася матэрыя.

— Пусьці-ы, пацярпі-ы, Сымон…

Ці пасьпелі завязаць рану, ці толькі агарнулі — бо мігам ужо пацярпеўшы ляжаў на руках двох здаравейшых рабочых, якія прашываліся кустамі да выйсьця з лесу.

— Вязеце-э ў двор! — ні то парадзіў, ні то загадаў Павал.

Яго голас паглынуў рассыпчаты стук упартага дрэва. Знаёмыя каскады гукаў затрасьлі лістамі і разьбегліся ў змрочнай гушчэчы.

— Го-о-а-хі-і! — выліліся з іх рэзвыя, заліўныя выкрыкі людзей.

І калі апошні перазвон рэха заміраў дзесьці ў густых каронах зялёных іголак, да якіх не крануліся вострыя зубы пілкі, — дзяцел адбіў свае знакі. І чарада варон, хлынуўшы з поля, затрашчэла свой касьцяны гармідар. Некалькі з іх стромка апусьціліся да долу, хлопаючы скрыдламі па лісьцях арэшніку. Кінуты Рыгорам аскабалак абагнуў сьмялеўшую крутою троекторыяй.

— А, вось іх гняздо! — хапіў Рыгора за руку Павал і спыніўся.

На зямлі, помеж з наскамі Рыгоравых ботаў, ляжала кучка дзеравянай трухі. Цягучаю плеўкаю адзначаліся разьбітыя яйкі. Да іх цягнуліся пакурчаныя ралкі толькі што ўпаўшае хваіны.

Ужо частыя ўдары сякер і склюдоў абганялі сухія сукі і зялёныя ралы… Хвоя зьвінела, як жалеза. І празрыстыя кроплі смалы, пузырачыся на белай абалоні, золатам пераліваліся на сонцы.

— Добры дзень!

На Паўла паглядзела чэцьвера пар вачэй.

Адны шэптам, іншыя ўголас адказалі на прывітаньне ды зноў пацягнулі мускулы для ўдараў.

— Вам тут адвялі дзялянку?

— Бачыце!

Барадаты рабочы, з цуркамі поту на поўным твары, адышоў ад хваіны.