Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/342

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

куды і што — немаведама. З Рыгі, з Коўны, з Варшавы і з Вільні. Загружаны вакзалы і станцыі… Што-а гэта робіцца — ня возьмеш на розум. А чым кончыцца — страшна і падумаць… Вось бачылі, — ён спыніўся перад Рыгорам, які стаяў пры акне, і ткнуў пальцам у бок пакінутае станцыі.

— Гэта-ж, што вось стаялі ў шэрагу, польскія і галіцкія яўрэі. Каторы дзень яны таўкуцца ў «Дне». Троха ад’едуць, а на іх мёсца новыя ды новыя. Хварэюць, мруць, калечацца… Надовечы пад Новымі-Сакольнікамі…

Стрэчны цягнік, замялькаўшы ў вокнах вагону, перабіў кондуктара. Ён таксама спакойліва, як і гутарыў, адышоў ад Рыгора.

Той заняў сваё месца, спачуваюча паглядзеўшы на верхнія лаўкі, дзе ў расьцяжку ляжалі Ромусь і Генрык.

Павал задумліва стаяў у акне вагону, за якім сьпешна зьнікалі дробныя шэрыя будынкі станцыі.

— Зусім не дарэчы гэта запазьненьне. Мы можам не пасьпець на сустрэчны цягнік і гатовы ў Воршы праваляцца займа-здароў да раніцы.

— А то бывае?

— Як піць даць.

— Гэта ўжо нядобра.

Аднак, узмоцніўшы хаду, цягнік разганяў Паўлава сумненьне наконт сваячасовага прыбыцьця ў Воршу.

У кожным разе яго няўверанасьць не перашкодзіла яму прытуліцца галавою да сьценкі вагону і бесьпярэчна аддацца надышоўшым марам.

Рыгор меркаваў зрабіць тое самае.


III

ХВІЛІНА Ў ХВІЛІНУ, па расьпісаньні, а восьмай гадзіне раніцы Рыгор з Паўлам прыехалі на месца. Ня гледзячы на закінутасьць станцыі і на раньні час, пэрон кішэў людзьмі, пераважна сялянамі з клумкамі ды сякерамі. Шмат іх кінулася ў вагон, загараджваючы дарогу тым, хто выходзіў, іншыя непарушна стаялі на месцы, азіраючы цягнік і прыехаўшых пасажыраў.

Калі Рыгор з Паўлам, пакінуўшы цягнік, накіравалі да дзьвярэй у станцыю, прысутныя на пероне сяляне перад імі паважна расступіліся. Некалькі старых, гледзячы на шырокія, бліскучыя