Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яму ўхмыльнуліся апошнія словы таварыша: у любую хвіліну адчынены дзьверы. Таксама і ў Рыгора, што да Пятруся. У любую хвіліну…

Ён яшчэ раз азірнуўся назад, прамераўшы вострым узрокам даўжыню Выбарскае шашы, але Пятруся ўжо ня ўгледзеў. Чорныя фігуры людзей і ўдоўж і ўпоперак перарэзвалі каменны насьціл вуліцы, сьпяшаючы на працу. Яго наганялі і пераганялі дзесяткі рабочых. Знаёмыя віталіся, знаямейшыя закідалі адным- другім словам.

Пры самым выхадзе ў завод прымха зьвяла яго тварам да твару з надаеўшым яму вайсковым наглядальнікам. Акінуўшы Рыгора начальнічым узрокам, ён саступіў яму дарогу і прапусьціў праз дзьверцы першым.

Было ясна, што азначала гэта далікатнасьць палкоўніка. Ад яе нясло шпегаўскаю манераю, якая пазьней выказалася ў яго паводзінах.

Апынуўшыся ў такарнай заводу, ён пільна сачыў за кожным повертам як Рыгора, гэтак і іншых рабочых. Няпрыметная раней, на гэты раз у руках палкоўніка віднелася запісная кніжка. Раз- у-раз ён прыпыняўся ў прагалку між варштатаў і нешта пільна занатоўваў. Часьцей, як дагэтуль, між ім і майстрам адбывалася адрыўная гутарка, якая справодзілася на кароткі час зынікненьнем палкоўніка з абшараў такарнае майстэрні.

Рыгор ня мінуў падказаць на гэта Анікею. Той-жа, у сваю чаргу, дапомніў суседу. Хутка вялікая колькасьць рабочых праводзіла вайскоўца падозранымі ўзрокамі.

К вечару яго надазойлівае тупаньне пачало нэрваваць рабочых. Перш цішэй, а што далей — то сьмялей яны пасылалі яму ўсьлед жарты, сьмяшкі і посьвіст. Сам сабою складаўся ў гонар палкоўніка дэмонстрацыйны кашачы концэрт. Гэта астудзіла палкоўнічую зухаватасьць, і ён раптам зьнік з майстэрні на болей доўгі тэрмін.

Аднак, пранозаваты ваяка не прапусьціў зьявіцца ў такарню ў той самы момант, калі рабочыя прыпынялі варштаты. Ён з украдкаю шпега пазіраў у змрок майстэрні з-пад конторкі майстра і выразна бачыў, як рабочыя ў гуртках абгаварвалі майскае сьвята. Палкоўнік цікавіўся ўвішнасьцю Рыгора, які заўзята ўгаварваў таварышоў на забастоўку. Рашучыя размахі яго рук, звонкасьць яго сьвежага голасу прыцягалі палкоўнікаву ўвагу.