Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/286

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У кватэры ціха. Сарафіна Хлёраўна тупае ў баваўняных пантофлях па сьвежа-пасланых дарожках.

А як-жа з кватэраю? Рыгор спацьме, ці хутка прачнецца і пойдзе па справах?

Возьме ды забудзе замкнуць. Хіба ключ палажыць на пліце, на белым полі памытай кафлі — угледзіць. Каля ключа — ліст.

Ды няўжо-ж такі ён сьпіць яшчэ, сапраўды? Ужо-ж пайшло на адзінаццатую. Бесклапотны які. Нядбайны. Сварлівы і гнеўны. Няўжо і калі сьпіць — ён той-жа? Ха-ха-ха! Незачэпа, ой, ой, незачэпа! Задзіра.

Сарафіна Хлёраўна кідае на крэсла пачышчаны сак, астаўляе пастэрку на круглым століку ў кутку пакою, а ліст камечыць у руках і на пальчыках падыходзіць да дзьвярэй Рыгоравага пакою.

Мнецца нафуфыраная прычоска, вуха шчыльна прыстае да нагрэтых вушакоў у дзьвярах. «Сьпіць, як пшаніцу прадаўшы! Ха-хі-хэ! Што значыць маладосьць і сіла. Глянуць? Пэўна, выпрастаўшыся, як рыцар, мужны і гарды?»

Сарафініна рука варушыць руб дзьвярэй і палец украдчыва пралазіць у вузкую шчылінку. Патуга — і касьнік залацістага сьвятла сьлепіць яе правае прышчуранае вока. Яшчэ націск, і Рыгорава постаць выразнымі рысамі прыцягае гаспадынін прагны ўзрок. Задзёр пхае кабеціны ногі за парог і скрадныя крокі адмяраюць адгон ад дзьвярэй да прыстаўленага да ўзгалоўя крэсла…

Праз хвілю нячутнымі рухамі яна адступае назад, апусьціўшы з воку сіні конвэрт лісту і прыліпшы ўзрокам да ружовага, квітучага твару Рыгора.

«Чуе?»

«Які слаўны!»

Сарафіна Хлёраўна стуляе нафарбаваныя губы, прытульвае да свае наодэколёненае рукі і цмокае. Сьледам крута зрываецца з месца і, забыўшы асьцярогу, выбягае з Рыгоравага пакою.

Дзьверы стукаюць аб вушак і будзяць Рыгора.

— Хто там? — запытаў ён, расплюшчыўшы вочы.

Адказу не пачулася — Сарафіна Хлёраўна спускалася са сходаў у двор.

Рыгор працягнуў руку да кніжкі на крэсьле. Рука абмацала пісьмо.