Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/275

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вопісі і штрафы, ды людзі яшчэ ад сябе… Дабро робіш — а астаешся вінаватай. Сьвет, сьвет, каб ён праваліўся…

Таўстуха крута павярнула да буфэту, спрытным замахам непаваротнае рукі адчыніла дзьверцы і зашумела газэтным лістом паперы.

— Во, — як усё гэта было… Ласьне я магла тут мець хоць укоснае дачыненьне?

Яна ў голас, сьлібізуючы, прачытала: «26 студзеня-а… адвя-а-чоркам… каля Чарнышова-а-га мо-о-сту… на вачох многа-а-лікіх праходжых кінулася ў прасечан-ную палонку Фонтанкі маладая, на выгляд гадоў дваццаці, дзяўчына… Падбегшы-і на ратунак… двое ма-а-тросаў-у і гарадавік… з вялікімі… цяжкасьця-а-мі вылавілі самагубцу… застрэмля-а-ную галавою… пад крыгаю лёду. Самагубца… была… няжывою, атрымаўшы сьмяртэльнае раненьне галавы аб востры руб ільдзіны… Ахвяра адзе-э-та ў пано-а-шанае дэмісэзоннае-э паліто-а… з чорнага драпу, у таннай вэлюравай пастэрцы… На нагах жоўтыя… пакрыўленыя мэ-эшты на шэ-э-рых фільдэкосавых панчохах… Шарсьцяна-а-я малі-ы-на-вага колеру спадніца… і модэпаля-а-мавая… у палоску блюзка дапамінаюць пра беднае пахаджэ-э-ньне самагубцы… Ся-а-род знойдзе-а-ных пры ёй рэ-э-чаў выяўлены паралез з трыма рублямі дробязі… і жоўты білет, які сьве-э-дчыць… за во-о-льныя паводзіны дзяўчыны… Пры-і-ходзіцца… дагадывацца, што дзяўчы-і-на, імем Гэля Сідарава Пералаз… родам з мястэчка Сілцы — стала ахвярай прыкрага выпадку… Дале-э-йшае дазна-а-ньне… паўней выявіць пры-і-чыны гэтага»…

— І вы нічога ня ведалі пра яе намеры? — абурана запытаў Рыгор у гаспадыні.

— Няўжо я вам хлушу, малады чалавек? Запытайце, калі ня верыце, яе таварыша. Пайшла, як заўсёды хадзіла з кватэры і хоць-бы па настроі відаць было, што ліхамыснае — барані божа… — Шурка! — аклікнула рэзкім голасам гаспадыня і адсунула дзьверы.

У пакой убегла сьветлая блёндынка з разбэрсанымі на плячах, завілымі касамі. Угледзіўшы Рыгора, яна роблена засьмяялася і ня двузначна мірганула сінімі бліскучымі ад атропіну вачмі.

— Ты памятаеш, калі Гэля апошні раз выходзіла ў горад? — наводна запытала гаспадыня.