Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/252

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор пасьпяшыў. Ясна. Адміністрацыя ня дрэме — на варотах абвестка. Папярэджаньне? Так. Надыход дзевятага студзеня.

«Па горадзе ходзяць упартыя чуткі, што на дзевятае студзеня гатовяцца выступленьні. Праступныя асобы шнайдараць па прадпрыемствах Пецярбургу і ўносяць смутак у голавы трэзвага і патрыотычна настроеных рабочых… Папераджаецца, што ўсе, хто будзе заўважаны ў праступнай агітацыі…».

На Рыгоравым плячы лягла чыясьці рука; ён аглянуўся.

— Бачыш, во? Здароў!

То быў Анікей.

Яны аддзяліліся ад грамадкі і прайшлі ў завод.

— Гатовяцца.

— Былі дурныя, каб сядзелі склаўшы рукі.

На заводзе жыва абгаварвалася абвестка.

Дзевятае студзеня набывала ўсё большай выразнасьці і глыбейшага значэньня. Яксьці вяла пачыналася праца і асьцярожліва вярцеліся станкі.

Рыгор пачуў, што ў ім згінула нядаўняя хэньць завіхнуцца пры рабоце. На каго — навошта? Якая карысьць, калі з-пад яго рук выйдзе пара лішніх каробак для знарадаў?

Ён пахвільна перакідаўся словамі і сказамі з Анікеем.

Да абеду яны пасьпелі расказаць адзін другому пра ўсё чутое імі за мінулы дзень.

У абед на заводзе атрымалася неспадзяванае здарэньне. У майстэрнях і на дзядзінцы зьявіліся проклямацыі. З прагнай цікавасьцю накінуліся на іх рабочыя, і гурткамі, па некалькі чалавек, узасос перачытвалі даўгія палоскі тэксту. Адміністрацыя нашарохана насілася па майстэрнях заводу, выяжджала ў горад і варочалася назад. Падазроней глядзеў вартавы на выходзіўшых рабочых і пільна сачыў за вяртаўшымі на завод.

Рыгор задаволена азіраўся па бакох, выяўляючы настрой рабочых. У надышоўшай настарожанасьці ён углядаў нараджэньне доўгажаданых падзей. Новы год — суліў новае. Пра яго гудзелі станкі, сьпявалі шасьцярні. Яно чулася ў агульным пэнце заводзкае працы.

Яно, гэта новае, перабягала па твары соцень людзей, напаўняўшых харчэўню. Яно прабівалася ў рэзвым сьмеху і ва ўзьнятай гутарцы за сталамі.

Анікей?