Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Каб хто чуў Рыгораў выказ, падумаў-бы, што Рыгор напаў на сьлед чалавека, якога шукаў гадамі. Мяккасьць і мілагучнасьць яго голасу дыхала весялухаю радаснага пачуцьця.

Рыма пачула ў ім нечаканую асалоду.

— Ха-ха-хэ-э! — зарагатала, падыходзячы насустрач.

Поціск іх рук быў шчырым і сардэчным. Рыгор зразумеў яго, як выбачэньне з боку Рымы.

— А я зьняверыўся быў… Памятаеце-э…

— Кіньце-э… Хто ўспомніць мінулае, таму… Хэ-хэ-э-хэ!.. Ну, я буду шчасьлівая!..

— Чаму?

— Вы не пазналі…

— Я вам жадаю…

Ласкавая, крохкая ўхмылка на Рыгоравым твары была заканчэньнем яго сказу… Рыма разумела ўсё, што таілася ў ёй. Дзяўчыне было прыемна слухаць Рыгора, ці проста, моўчкі, глядзець у яго раскрытыя вочы… Яна не аднімала свае рукі з яго рук і мінаю Джыаконды выклікала новыя сказы з Рыгоравых вуснаў…

— Я заўсёды ўспамінаю вас…

— Маўчэце… Хто ўспомніць мінулае…

Рыма падняла ўгору левую руку і паказала ўказны палец.

— Разумею… Чаму-ж вас я ня мог дачакацца?..

— А ў мінулую нядзелю хто вас наведваў? Бяспамятнасьць?

Рыгр успомніў, што яго гаспадыня паведамляла пра нейкую дзяўчыну… Так, гэта тады, калі ён прыйшоў з Гэляю…

— Вам холадна, Рыма?

Ён сьмела крануў яе пушыстага, коцікавага каўнера. Драбнюткія пылінкі сьнегу ссыпаліся на ровень надгруднага прастору.

— Марозіць?

— Марозіць!.. Золка…

— Пойдам?

— Мне пара дамоў.

Другім бокам вуліцы прайшла запозьненая пара.

— Людзі не сьпяшаюць, во!

Рыма азірнулася.

— Яны ідуць таксама дамоў!

— Іх дом у тым баку?

— Хэ-хэ-х! — засьмяялася Рыма на хаду.

Перад брамаю, дзе спыніліся, яна рашыла вярнуцца дамоў.