Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

голас да іншых. Ніхто не адказваў. Тады ён прарэзаў сьцяну людзей і тварам да твару стрэўся з гарадавіком. Апошні з разьнятымі рукамі затрымліваў натоўп, каб не перашкодзіць насіць раненых.

Пасярэдзіне вуліцы, якраз супроць будынку шпіталю, доўгім цугам выстраіліся санітарныя вагоны. Да дваццаці пар насільшчыкаў у белых халатах бесьперабойна бегалі з шпіталю да вагонаў і вярталіся назад з раненымі. Чуўся адрыўны ойк і працяжны енк.

Бязрукія і бязногія, з чалмамі перавязак на галаве, пад скупымі коўдрамі — варочаліся «героі» франтоў у «гасьцінную сталіцу». Далёкая Польшча, Усходняя Прусія — чужыя і невядомыя, мігалі ў іх балючым выабражэньні жахлівымі вобразамі. За каго і дзеля якое мэты пакінулі яны там свае сілы, сваё здароўе, часткі свайго цела? Ці мала ім было разанскіх ці яраслаўскіх прастораў, украінскіх стэпаў, беларускіх лясоў?.. Родных, знаёмых, спакойлівых…

Вунь малады з круглым белым тварам мужчына. Сінія рэзвыя вочы, стройны лоб, роўны вытачаны нос… Вось тонкатвары з пракідкім калісьці ўзрокам, жывы і, напэўна, весяльчак-сібірац. Манчжурская шапка паглынае ў сябе страхі нячуваных боляў…

Сьледам — чарнявы, задуменны яўрэй — бяз рукі і нагі; пашарпаная летняя шапка на букеце чорных кудраў. Прыплюшчаны вочы — пэўна, ловяць жахлівыя ўчынкі казакаў… Магчыма, што толькі за дзень да калецтва ён атрымаў ліст з балючаю весткаю пра забойства бацькі… Падбудаваная хата на Рымарскай вуліцы гродненскага мястэчка. Замілаваная жыцьцёрадая Пэся… Біржа майскімі начамі…

Ах, і казак… Сярэдніх гадоў — бацька і муж. Аброслы, замурзаны раскапанаю на акопы зямлёю; скрыўлены сударгамі твар; жмак мэрлі на галаве, пад новаю папахаю… На кані ад Маныча да Віслы… З рэзвым ваяўнічым выглядам — на страх ворагам. Бязвольныя рукі — яшчэ так нядаўна па загадзе сьцябаўшыя нагайкаю сьпіны беларускіх мужыкоў, яўрэйскіх жанок. Што там, дома? Ці сабрала жонка з поля? Кавуны, какаруза? Ці беліцца хата к калядам? Ці вучыцца Юзік?..

Саракавы — лезгін… У даўгім носе — арліная воля. У раскрытых, ашклянелых вачох — водбліск вечных сьнягоў Казьбэку… Шырокая чорная бурка — прасторныя выганы на стромах гор…