Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цэлы зьнізак выпадкаў — цікавых ды каразьлівых, рашучых ды сьмелых — перапляліся між сабою і зьвілі поўную гісторыю сролевага вандраваньня за апошні год.

Рыгор з аповесьці таварыша дазнаўся, што Сроль у два месяцы пасьля яго ад’езду ў Рыгу мусіў пакінуць Сілцы, каб ня стаць ахвяраю поліцыі. Два разы прыходзіў станавы са стражнікамі на кватэру, трасьлі, адымалі кніжкі, састаўлялі протоколы пра наведваньне. Яўных доказаў, важкіх ды сур’ёзных, каб на іх падставе заарыштаваць Сроля, у поліцыі ня было. Але поліцыя не магла супакоіцца на тым, каб пакінуць Сроля ў спакоі. Ведаў станавы, ведаў ураднік і шмат хто больш ведалі, што падваліна сілцоўскага соцыял-дэмокрацтва — гэта гарбар з Віцебску, Сроль Рэзьнік. І поліцыя пільна чакала здатнага выпадку, каб ціха, бясшумна расправіцца з ім. Сролю аставалася адно — уцячы з Сілцоў. І вось Сроль аднэй цёмнаю ноччу, а другой гадзіне па поўначы, пакінуў Сілцы. Ён накіраваў на Ліцк. А канчатковай станцыяй меў Слонім. Прабыў у ім тыдзень, пасьля падаўся далей і, вандруючы з мястэчка ў мястэчка, апынуўся ў Смагіне…

У Смагіне ёсьць некалькі гарбарскіх майстэрань, налічваецца ў іх да трыццаці чалавек рабочых. Паміма гарбарскай прамысловасьці, ёсьць у Смагіне і дзьве сьлясарскіх майстэрні, невялічкая ткацкая, каля дзесятку шчаціначных.

У Смагіне Сроль ужо болей двух месяцаў. Увайшоў у мясцовую організацыю, папаў у сябры комітэту, і вядзе спорную, як і ў Сілцох, працу.

Глеба для гэтае працы вельмі лагодная — шмат людзкога матэрыялу. Цікавасьць працы падкрэсьліваецца яшчэ тым, што ідзе вялікі перабой паміж бундаўцамі і іх соцыял-дэмократычнай організацыяй. Аднак, перавага за імі — соцыял-дэмократамі. Галоўнае таму, што маецца крэпкая база на вёсцы.

Між іх організацыяй і організацыямі іншых раёнаў наладжана цесная сувязь; часта мяняюцца прамоўцамі, а некалькі разоў удавалася рабіць сумесныя сходкі ў ляску за рэчкаю, у пяці вярстох ад мястэчка.

Увогуле, па словах Сроля, абставіны ў Смагіне былі-б вельмі добрымі, каб ня шпегства, якое ў апошні час стала пагражаючым для мясцовых, а мо’ і суседніх організацый. Дзякуючы прадаўніцтву аднаго сябра бундаўскай організацыі, грозіць правал многім адказным таварышом. Праўда, яны прынялі належныя меры, але ўжо справа зайшла далёка і, можна баяцца, што з часу--