Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/215

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Да проста так, надаела аднаму ў дому. А ты куды?

— Я ад таварыша — дамоў.

Яны збочылі ад дзьвярэй.

— Ёсьць навіны якія?

Анікей нахіліўся да Рыгора і шэптам паведаміў.

— Ды ўжо-ж. Надовечы адбылася раённая сходка за Нараўскай заставай. Абгаварвалі характар сьвяткаваньня дзевятага студзеня. Ёсьць настрой у карысьць забастоўкі…

Яны адышлі далей.

— Варта было-б і ў нас памацаць грунт. А то мы заўсёды адстаем… Га?..

— Вось то-то і ёсьць… Я назнарок і наведваў таварыша, каб абмеркаваць гэта…

Вырынуўшы з харчэўні натоўп хлапцоў перапыніў іх гутарку.

— Трэба падрабязгава абмеркаваць гэта, — парадзіў Кузін уголас: — Гэта рызыкоўная справа…

— Я думаю…

Безгаворна абое пайшлі ў харчэўню.

Шырокае і досі чыстае на выгляд памяшканьне было перапоўнена людзьмі. У сініх палосах курава расплывалася электрыка і тануў густы разьвяселены гоман. Між шчыльна ўседжаных сталоў насіліся падавальшчыкі: іх гукалі і тузалі за рукавы. Нясьціхана хлопалі піўныя бутэлькі. Машына выігрывала «Тройку». Дзесяткі рознастайных пахаў зьліваліся ў кісла-оцэтны імпад.

На іх прыход ніхто не абярнуўся; усяго і было знаку, што за імі ўварвалася знадворку шустрая струмень халоднае паветры. Гэта рабілася нязьменна праз увесь вечар — вэнтылятар над дзьвярыма ня спыняўся вярцецца і насьвістваць аднастайную мэлёдыю.

Яны акінулі ўзрокамі шырокую залю сталовай — парожняга месца не наглядалася. Тады абое пайшлі між сталоў, шукаючы яго. Рыгор падсьцярог дваіх мужчын, якія вялі разрахунак з падавачом, зьбіраючыся пакідаць харчэўню. Ён гукнуў таварыша. Кузін у гэты час пасьпеў захапіць столік у кутку, якраз насупраць ігральнае машыны. Акно збоку злёгку астужала сьпёртае паветра. Кузін махнуў шапкаю і Рыгор упусьціў чаргу другім.

— Вып’еш піва? — запытаў Кузін.

— Я-б ня проч і падзакусіць чаго.

— Заказвай…

Кузін паклікаў падавача і даў заказ на піва і салянку.