Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дробязь… Кажы…

— Бачыш, вось, мне парадзілі чамусьці завярнуцца і да твае падмогі. Чуў?

Ужо Рыгор пытаў яго сваім узрокам.

— Дарэмна?.. Ха-ха-ха! Я і казаў ім, што дарэмна, а яны…

Артур засьмяяўся.

— Хто яны? — пацікавіўся Рыгор.

— Трубін, бачыш…

— Шалаплут.

Рыгор загледзеўся навокал сябе і дадаў:

— Ніякім чынам. Надоечы ў нас адыграўся выпадак, які мог кончыцца сур’ёзнаю справаю. Ты ня чуў?

— Не-э.

— Мы ўсім цэхам наладзілі дэмонстрацыйны протэст. І, чамусьці, майстар з палкоўнікам-наглядчыкам здрэйфілі… Здрэйфілі… А ў тым, яшчэ невядома — магчыма яны абмяркоўваюць вынікі. І калі, чаго-добрага, захочуць дапомніць — тады мне першаму… Вось і разьлічы сам, якаво мне…

— Зразумела… Я ня ведаю, чаму Трубін…

Яны завярнулі ў вуліцу, на якой жыў Рыгор.

— Ужо блізка да цябе?

— На гэтай-жа вуліцы, другі квартал… Ну, стой!

Рыгор раптам адлучыўся ад Артура і накіраваў праз вуліцу да ідучага другім бокам чалавека. Артур спыніўся. Рыгоравы словы яго азадачылі — абарвалася. Ён тут-жа ўглубіўся ў адшуканьне новых шляхоў да ажыцьцяўленьня справы з паступленьнем на завод. Але не пасьпеў хапіцца ні за водную раду, як падышоўшы да яго Рыгор перабіў.

— Магчыма, што ўсё добра будзе. Гэта старшы рабочы сьлясарнага цэху. Я прасіў яго пра цябе…

— А ён?

— Дае згоду памагчы. Ты запішы яго імя і прозьвішча… Фрыдрык Курс — фін, сумленны і сталы чалавек. Прасіў зайсьці наступным чацьвяргом. Зойдзеш і пасьля скажаш мне…

— Было-б вельмі добра. А то…

— Можа ты грошай ня маеш, то я магу табе пазычыць дзесятку?

Артур падзякаваў Рыгора і адмовіўся ад пазыкі.

— Я надоечы захваціў у Камара…

— Ты ў яго бываеш?