Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

другое заключаных у гэты сіберны будынак? Вунь цэлыя мільёны пастаўлены пад нажы, пад кулі, пад атрутныя газы — ці-ж можа хто думаць пра іх, у цяпле і безапасцы?

Жорсткаю рукою вайна сьцірала людзкое дбаньне аднаго пра другога. Сухая адчужанасьць цёрлася па гладкіх каменьнях ка­меры, пускаючы мерзлую шэрань Пятрусю ў вочы… Час, час, які няпэўны час! Ці можна даць нездаволеньню ўтульнае месца ў сваім нутры? На Рыгора? На Рыму? На ўсіх тых, хто яго ведае, хто яго помніць? Няровен час! А мо’ Рыгор далей за яго — натура Рыгора вядома… А Рыма? — прамігнуўшы агенчык… Так, сьвядомасьць дыктуе развагу, але ёй не паддаецца настрой…

— Ізноў стукаюць?

Вуха лажыцца на шэрую фарбу сьцяны.

— Што-о?

Здаровыя пальцы звыклі з цьвёрдасьцю сьцен — б’юць запытаньне… Але… з боку шорах?

Косіцца вока да вузкай круглінкі ў дзьвярах — ня ўтоіш, наглядач, у мяккім войлаку сваіх прадажных крокаў.

Ізноў думкі.

Нязвычны! Вось ён, чалавек жалезнае волі. Рыгор! Дык чаму-ж ён маўчыць? Цэлых два месяцы ні слова… Пераймаюць лісты? Ці тут віною Рыма?

Пятрусь затросься, як асіна — калючая прага пачуць цёплае слова з волі, праведаць пра Рыгора, угледзіць Рыму… А можа яны… Не павінна быць!..

Маланкаю праясьняецца мінулае ў іх адносінах — чыстае, як маланка, без заусінкі. Ня ў гэтым прычына. Яны помняць яго, магчыма, думаюць, а мо’ і дбаюць — чаму-ж яму заўчэсьня наракаць…

— На гу-у-лян-ку-у!

Пятрусь гатоў.

Вось бразгае жалеза за дзьвярыма камеры. Чуецца ажыўленьне на глухім, мяртвым калідоры… Яшчэ хвіліна — і ён у роўным, мэханічным шэрагу вязьняў. Паперадзе Ігнат Струміла — кіўкі галавы абменьваюцца прывітаньнем. Украдчывая ухмылка на зьбляднелых тварах. Рассыпаецца шэпт па жалезных усходах. Тры павароты — і насустрач водбліскі празрыстага сонца. Яны скрадаюць беднасьць і агіднасьць белых гарнітураў арыштантаў…

Двор і шоргат шкарбакоў па ўкованай каменьмі зямлі. Ланцугамі ўюцца круглыя цені галоў — мэрам-бы круціцца знарочыстае