Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праз хвілю яны сядзелі за хісткім столікам, адзін супроць другога, і пілі гарбату. Спакой сьведчыў пра наступіўшае замірэньне, якое радзіла звычайную лёгкую гутарку. Цёплая ўхмылка роўна апінала іх жыцьцярадыя постаці.

Раз ад разу бранчэла пасуда.


V

ВОСТРАЯ, ПРАЗРЫСТАЯ нітка праменю кінула на Рыгораў твар вёрткага зайчыка. Заказытала ў ваччу і чулыя вейкі падняліся ўгору.

— Пятрусь? Дзе-ж ён?

Мігам шустрая думка Рыгора апынулася ў вузкай глыбокай камеры дому папярэдняга зьняволеньня.

— Дзе Пятрусь?..

…Камера № 87.

Вось толькі пяць хвілін, як Пятрусь удвойчы хапіўся за праверку перажытага ім у вастрозе часу. Якая цягучая аднастайнасьць! А між тым — як хутка прамігнуў час! Мэрам-бы сёньня яго прывялі сюды. Тыя-ж сумныя і халодныя сьцены. Той-жа кавалачак хмурнага неба ў закраценым акне. Прымацаваны да сьцяны жалезны столік, абрыдлы цьвёрды ложак. Замураваны ўмывальнік і брудная параша. Усё асвойтанае, звыклае і надаеўшае.

— Стукаюць?

Схудалая постаць туліцца вухам да сьцяны і напружана слухае. Спусьціўшы хвілін пяць, адбівае. «Ніякіх зьвестак з волі».

— Ці чакаю? — «Чакаю. Пісаў некалькі лістоў, а жаднага адказу».

Стук змаўкае і Пятрусь памерным, разьлічаным ступам мерае камеру з кутка ў куток. «Няўжо і на гэты раз ніхто не адзавецца?»

Пятруся карціць і прагна хочацца атрымаць вестку з волі. Ён дзень у дзень успамінае Рыгора, Рыму, часамі далучае да іх Гэлю; часта пераносіцца думкамі ў Сілцы, выяўляе перад сабою настроі і думкі бацькоў; спагадае іх няведаньню пра яго. І ўсе гэтыя раздумы, успаміны, жаданьні і хаценьні пэрыодычна ўстаноўленым чынам праносяцца перад ім у бяспрытульнасьці астрогу. Наколькі часу ўперадзе? А хто яго адгадае — воля царскіх сатрапаў, капрыс любога апрычніка. Каму ёсьць дзела да сотні--