Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А між тым… Абяцаная і асьвечаная сумеснаю працаю, падмацованая Рыгоравым словам, патрэбная сувязь паміж імі і сілцоўскімі таварышамі — рассыхалася. Рыгор недазвольна забыў пра гэта… Колкім дакорам адгукнуўся ў яго нутры ўспамін пра Памыйку.

Аголеная вінаватасьць малявала перад ім рознастайныя дапушчальнасьці, канцы каторых пачыналіся ад яго.

Смагін, як і Расія, стыкнуўся апошнім часам з нячуванымі фактарамі знадворнага жыцьця. Кожны з іх мусіў так ці іначай адбіцца на дзейнасьці мясцовай організацыі. Сталічны вопыт, хоць ускосна прыкладзены ў Смагіне, даў-бы сваяасаблівы адбітак кожнаму фактару смагінскага жыцьця…

Так — паміж ім і Смагіным утварылася глыбокае правальле. Толькі і бачыў Рыгор — гэта нямалёваныя Рудольфам Шульцам страшныя вобразы мобілізацыйных часоў.

Але… нават і ў Рудольфа ён не запытаў пра Паўла.

Ён садзіўся на паравік, вось-вось ня ўцёкшы з-пад носа, а словы і сказы, цалкам вылітыя з разгорнутых і прызнаных выбачэньняў, стаялі ў галаве, як радкі лінотыпу.

Шпаркі бег паравіка Рыгор падганяў нэрвовым калываньнем усяе постаці, рытмічнымі ўхіламі ў бок дымлівага лёкомотыва. Паўгадзінная язда і квадранцовая хада ад спынкі да кватэры — паказаліся бясконцымі. Раздражнены на ўсіх, а на сябе болей, ён недалікітна ўварваўся ў кватэру, нават забыўшы прышчапіць дзьверы і, не распранаючыся, сеў за пісаньне.


IX

ЗАЦЯГ, З ЯКІМ РЫГОР пасядзеў болей гадзіны над шэраю папераю, нагадваў пакорлівую споведзь перад Памыйкам. З адчыненага нутра выліваліся прызнальныя сказы вінаватасьці і таварыскага перапрашаньня.

Ён пісаў і разам з тым драбніўся на маленькія частачкі, што ў руху электронаў імчаліся з ціхага пакою далёкае сталіцы да закінутага Смагіну.

Вобраз Памыйкі ў многалікіх інтэрпрэтацыях неадступна лунаў над яго сагнутаю постацьцю. Здавалася, што шамалі Паўлавы крокі і скігітаў у рытмічных паводзінах яго напільнік. Белы каўнерык Карла Людвіга Шульца адцяняў разлахмачаныя косы смагінскага апрашчэнца.