Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор стаў на задняй пляцоўцы, і паглядзеў назад.

У бок трамваю ішла якаясь жанчына; адаленасьць не дазваляла ў ёй убачыць што-колечы ўсвойнае Ганьне. «А між іншым, яна мусіла накіроўвацца гэтай дарогай».

Рыгораў узрок прабег па цёмнай сьцяне будынкаў і выцягнуў з галавы дагадку: «Здаецца, Ганна жыве вось у гэтым…».

Трамвай рвануўся наперад і параўняўся з адасобленай, зусім невядомай Рыгору будынінай.

«Ганна, напэўна…»

Зложаная думка дзесьці высьлізнула з яго адзнаньня і пакінула па сабе пустое месца.

Было дарэчы, бо халаднаваты ветрык, што дзьмуў насустрач бягучаму трамваю, прыемна студзіў Рыгораў твар, навяваючы салодкае заспакаеньне. Яму захацелася нейкі час пастаяць так аднаму, бяздумна любуючыся мігаючымі начовымі вобразамі сталіцы.

Высадзіўшы голаў, ён лавіў узрокам трапяткія агні ліхтароў, цьмяныя палосы каналаў і пералівы ў іх туманлівых адсьветаў агню. Чорныя купы садоў і гіганцкія цені будынкаў хавалі сабою адрыўныя выгукі запозьненых галасоў, крокаў і поліцэйскіх сьвісткоў.

Чароўнай карцінай мігнулася асьвечаная заводамі Нява…

— Вам далёка ехаць? — зьнянацку для Рыгора запытаў яго кондуктар.

— А дзе мы зараз?

Кондуктар гіронічна ўхмыльнуўся і паглядзеў у цёмны прастор.

— Выяжджаем з Васільлеўскага…

— А куды ідзе трамвай?

— У парк, на Пасадзкую…

— Мне ў Лясное.

Кондуктар прысеў у кутку пляцоўкі між выхадам і моторам і заплюшчыў вочы.

У вагоне драмала пяцера пасажыраў.

— Ці засьпею я паравік?

Пытаньне ў думках неспадзявана для Рыгора перавярнулася ў слоўнае і выклікала сабе адказ з боку кондуктара:

— Напэўна яшчэ засьпееце… Усё-ж трэба сьпяшыць.

Гадзіньнік на скрыжаваньні Каменаастроўскага і Вялікага проспэктаў паказваў палову другое.