Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рудольф тузануў Рыгора за рукаў і яны на два крокі адступілі ўправа.

— Хуліганства-а… — з тым-жа задзёрам адказаў Рыгор і не пасьпеў агледзецца, якое ўражаньне пакіне яго сказ, як яго шапка дугою мігнула ў натоўп.

Рыгор азірнуўся вакола сябе, але дзесятак твараў як-бы незаўважліва глядзелі ў розныя бакі. Зусім нельга было ўявіць, чыя работа з шапкаю.

— Сволачы! — праказаў ён, і ўспомніў пра шапку.

Рудольф працягваў яе Рыгору.

— Кінь, тут ня час і ня месца для тваіх спраў…

Яны павярнулі ад натоўпу і пайшлі ў бок ад маніфэстацыі. Апошняя з гікамі і шоламам, поўная пагромных разбойных настрояў, накіравала ўсьцяж Вялікага проспэкту напрамкам да Васільлеўскага вострава.

— Но што робіцца-а! А-ах! — Рыгор хапіўся за голаў.

— Самадзяржаўе на дражджах, — разважыў Рудольф.

Рыгор доўга ня мог супакоіцца. Толькі перавод Рудольфам гутаркі на іншую тэму адцягнулі Рыгора ад усхваляваўшага яго факту.

Рудольф паднёс Рыгору смагінскія навіны: арышт Сімена Галаса, і ад’езд Лібы ў Вільню.

— Абяскровілася мястэчка дарэшты. Мэрам-бы хто зачыніў вечка. І ўсё вайна. Перакруціла, перамалола.

— А ты даўно прыехаў?

— Учора раніцою. Прыехаў, ведаеш, поўны ўражаньня ад жудасных вобразаў мобілізацыі. Што-ой там чаўплося-а! У адзін дзень усё жыцьцё мястэчка згусьцілася, ці, праўдзівей, было сабрана, зьліта ў адно месца, на Згонішчы. І мужчыны, і кабеты, і старыя, і малыя, людзі і коні гулі, іржэлі, мятусіліся — мэрам-бы бачачы занесены над сабою востры, бліскучы нож ката. Я табе кажу — жах браў. Хацелася плакаць і завываць разам з асірацелымі дзяцьмі і жанкамі. Але сьлёзы тут-жа высушвала халодная цікавасьць. Сотні сталых сьвядомых мужчын, пакорліва, без супярэчак, накіроўваліся ў павет, магчыма ў губэрню — а адтуль — на вайну. Незьмярымае глыбіні жудасьць — і, мэрам-бы, так і трэба. Двое смагінцаў, чамусьці ўкрадкаю, кінулі каменьнямі ў акно манаполькі. Сьледам пяцера чалавек напёрлі ў дзьверы і выламалі; далей пайшоў расхоп гарэлкі, звон шкла, дзікія песьні… Дзесятак стражнікаў доўга ня мог ўціхамірыць многасоценную