Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

набліжалі сабою сусьветную вайну. Ультыматум аўстрыяцкага ўраду бліснуў на пецярбурскім небасхіле і зьнік у полымі забастовачных здарэньняў. Гэтыя здарэньні, вачавідкі прымалі ўсё вастрэйшую форму. І глыбейшы сэнс. Ад маніфэстацый і сутычак з казацкімі патрулямі яны абярнуліся ў спыненьне трамвайнага і чыгуначнага руху, у бомбадыраваньне фабрык і будаваньне барыкад. Часова аб Пуанкарэ ўсе забыліся: дзе і што ён — было аднакава. Няхай дапівае апошні кубак за ўзмацненьне дружбы буржуазнай Францыі з самадзяржаўнай Расіяй. У баку ад гэтага куецца іншым чынам, іншая дружба — дружба між працоўнымі народамі абедзьвюх краін…

Рыгор дзень-у-дзень, на працягу тыдню, не пакідаў вуліцы. Усюдых, дзе толькі трапунак прыводзіў да складаных выпадкаў, багатых у зацяжнай забастоўцы, ён знаходзіўся сярод першых. Спынка трамваю, падпілоўка тэлеграфных слупоў і перарэзка тэлеграфнага дроту — не абыходзіліся бяз Рыгора.

Не прапусьціў ён далучыцца і да атраду сьмельчакоў, запёртых у доме на Ломанскім завулку і адважна дзень і ноч адбіваўшых напады казакаў і поліцыі. Першым займаў ён рызыкоўныя месцы, бадзёрыў таварышоў і адстрэльваўся з урачыстаю заўзятасьцю. Але ўвесь эпізод з захопам дому і са змаганьнем за яго былі бязумствам храбрых. Дзесяткі ахвяр вянчалі яго геройствам, тоячы ў сабе ападаньне забастовачнай хвалі. Апошняя перамога самадзяржаўя гнала з акрываўленых сьцен дому рэшткі мужных змаганцаў. Рыгор быў сярод іх, раззлаваны на ўвесь сьвет і на самога сябе. Ён ціснуў у кішэні ненабіты рэвольвэр і, тулячыся між сьцен будынкаў Сампсоніеўскага, скардзіўся.

Бліснула роспачная думка: «Тыдзень наступалі, дабіраючыся да гэтага будынку, а ў адну пору перайшлі ў адступленьне».

Але глыбіня трагедыі мясьцілася ня ў гэтым: яна выпірала з факту правалу забастоўкі. Значыць, не хапіла патрэбных сіл, каб перавярнуць гісторыю грамадзкага жыцьця.

І там, вунь, дзе разгортваецца прамень празрыстае электрыкі, у асяродку буржуазных кварталаў, уздыхаюць з палёгкай. Наноў хлынуць уздоўж Неўскага весткі пра вайну. Газэты аднясуць радкі пра забастоўку ў хроніку трэцяй старонкі… Не магчыма!.. Няўжо забастоўка зруйнавана? Вось, — вакола пустыя вуліцы. Прытоена маўчаць гмахі фабрык ды заводаў. Стухшы ліхтары на спынках паравіка. І ва ўсім — сум па згубленым.