Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я табе перашкоджу? — нерашуча выказала Ганна.

— Ды не, што ты, Ганна! Я ашаломлены стыкам падзей сёнешняга дня! Прымха… Але ў гэткую хвіліну — на табе!

— Тое і ў мяне. Я ніяк не чакала, што трапіцца гэтак, як трапілася…

— Няўжо?.. Ну, ехала-ж некуды?

— Да цябе ехала… бач, да Пятруся…

Яны выйшлі з-пад двара і тут-жа ачуліся ў асяродку маніфэставаўшай грамадкі рабочых, выйшаўшай з-за рогу вуліцы. Ахопленыя рэволюцыйным уздымам, абое сталі ў першыя шэрагі маніфэстуючых.


VIII

СТРЭЛЫ ПОЛІЦЭЙСКІХ, накіраваныя ў пуцілаўскіх рабочых у адплату за іх солідарнасьць з бакінскімі забастаўшчыкамі, заглушылі сабою ваяўнічы шолам генэралаў, памешчыкаў, буржуазіі. Парады і тосты ў царскіх палацах і на рэйдах у гонар францускага госьця — ніклі пад хвалямі паўстаўшых ускраін сталіцы. Гукі «ура» «благавернаму воінству» гінулі ў магутных сьпевах марсэльезы. Гімн рэволюцыі панаваў у рабочых раёнах Пецярбургу. Яго баявыя тоны апяразвалі сталіцу сталёвым ланцугом. За Нараўскаю, за Маскоўскаю, за Неўскаю заставамі, на Выбарскай і на Пецярбурскай сторанах і на Васільеўскім востраве — усюды зьлітна, зьяднана маршыравалі грамады забастоўшчыкаў пад яе ўздымныя, бадзёрыя напевы.

Хутка водгукі марсэльезы пачалі пераносіцца праз шырокую Няву да буржуазных кварталаў цэнтру. Яны ўрываліся ў царскія палацы, у будынкі ўрадавых устаноў, у залі банкаў ды контор, у рэдакцыі буржуазных газэт. На старонках газэт чарней і буйней выпукляліся літары паведамленьняў пра «хаду забастоўкі», аб «працягу непарадкаў».

Думкі і пачуцьцё мільённага жыхарства ўстраміліся ў бок затухлых халодных комінаў на рабочых ваколіцах сталіцы. Хатнія падзеі ненарокам затрывожылі падвостранага міжнародным становішчам абываталя. Куды ўсё гэта накіруецца і да чаго прывядзе? Гэтыя пытаньні неадвязна мятусіліся ў думках соцень тысяч пецярбуржцаў. Яны вырасталі да жахлівых зданьняў, калі слупкі газэт дзень-на-дзень падносілі ўсё большую лічбу забастоўшчыкаў. За іх гушчаю прападалі ўражаньні ад падзей, якія